Суд над гродзенскай студэнткай перанесены на 23 сакавіка
Падчас працэсу суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Наталля Козел заслухала саму Кацярыну Герасімчык і двух міліцыянтаў дэпартамента аховы Эдуарда Багдановіча і Сяргея Рышкеля, якія сведчылі супраць яе.
На думку прадстаўніка Беларускага Хельсінскага Камітэта Рамана Юргеля (на здымку ніжэй на дальнім плане), яны сведчылі непераканаўча:
– У гэтым выпадку справа можа быць проста сфабрыкаванай міліцыяй, таму што на кагосьці трэба «павесіць» гэты надпіс, гэты пратакол, гэты рапарт, ды ўсю гэтую камедыю.
Таму ў нас будзе прыцягнутай да адміністрацыйнай адказнасці наша студэнтка.
>
Сама Кацярына Герасімчык не прызнае сваёй віны:
– “Я не казала ў момант затрымання, што прызнаю сваю віну і, тым больш, гэтага няма ў пратаколе.
Другі міліцыянт наогул сумняваўся ў тым, што я нешта малявала – ён дакладна так і сказаў у судзе:
«Я не ўпэўнены, што менавіта гэтая дзяўчына нанесла надпіс на помнік Леніну».
Гэта супярэчыць пратаколу і супярэчыць майму абвінавачванню”.
Пасля таго як Кацярына Герасімчык заявіла хадайніцтва пра дадатковае азнаямленне з матэрыяламі справы, суд быў перанесены на 23 сакавіка.
Побач з помнікам Леніну позна ўначы Кацярына Герасімчык апынулася разам са сваёй аднакурсніцай Вольгай Багданкевіч – яны вярталіся дамоў.
Дзяўчаты мелі пры сабе налепкі Маладога фронту і раздрукоўкі з надпісам «Свабоду Кіркевічу», «Свабоду Някляеву», «Свабоду Фядуту».
Такія налепкі былі расклеены ў цэнтры Гродна.
Днямі пастановаю адміністрацыйнай камісіі дзяўчат пакаралі штрафамі ў памеры 10 мінімальных зарплат кожную, прызнаўшы вінаватымі ў расклейванні налепак.
Вацлаў Галімскі, Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя