У мінскім метро адбыўся выбух. Ёсць ахвяры і першыя затрыманыя
У цяжкім стане ў розных шпіталях сталіцы знаходзіцца 40 параненых.
Ёсць звесткі, што сярод пацярпелых ёсць двухгадовае дзіця.
>
Уражвае рэакцыя беларускага тэлебачання: у перапынках паміж спецыяльнымі выпускамі навін круцяць вясёлыя рэкламныя ролікі, па асноўных каналах ідуць серыялы.
У інтэрнэце ўжо з’явіліся відэа, зробленыя сведкамі здарэння.
Відэа abrykos
Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, усе сілавыя структуры прыведзеныя ў стан павышанай гатоўнасці.
Надзвычайныя меры бяспекі павінны быць уведзеныя на транспарце.
У войску павінна адбыцца рэвізія ўсіх складоў з выбухоўкай.
“Вывернуть всё наизнанку” і “установить, кому выгодно взорвать спокойствие и стабильность в стране, кто за этим стоит” – цытаты з прамовы прэзідэнта ў прамым эфіры.
У каментарах да паведамленняў пра трагедыю на многіх сайтах ужо выказваюцца апасенні наконт таго, што выбух у метро стане нагодай для яшчэ большага ціску на прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама для адцягвання ўвагі ад эканамічных праблем у краіне.
“Мужики, нам брошен серьёзный вызов и нам нужен адекватный ответ…
Спокойной жизни нам не дадут – я предупреждал…
Вина лежит на нас и мы должны предпринять всё, чтобы люди не подумали, что мы зря едим хлеб” – заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур.
Заўтра ў Мінску будзе абвешчаны траўр па загінулых.
У аўторак стала вядома, што ўжо ёсць канкрэтныя падазроныя ў справе тэракту.
З хвіліны на хвіліну павінны з’явіцца іх фотаробаты.
Як паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на БЕЛАПАН, па словах міністра ўнутраных справаў Куляшова, самаробнае выбуховае прыстасаванне з вялікай доляй верагоднасці было радыёкіраваным.
Да канца сённяшняга дня плануецца ўсталяваць больш дакладны эквівалент магутнасці, кампаненты прылады і характар выбуху. Цяпер вядома, што прылада была начыненая металічнымі шарыкамі, арматурай і цвікамі.
«Мэтай злачынцы было нанясенне максімальна большага паражэння людзям», — сказаў міністр.
Ён паведаміў, што ўвесь асабісты склад МУС пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.
11 красавіка ўведзены планы «Сірэна» і «Тунэль», 12 красавіка — план «Арсенал».
Апошні, як адзначыў Куляшоў, накіраваны не толькі на выяўленне незаконнага зброі, але і на праверку асоб, службаў і арганізацый, якія маюць дазвол на захоўванне зброі.
Як заявіў сёння намеснік генеральнага пракурора Андрэй Швед, па справе тэракту ў Мінску ўжо затрымана некалькі чалавек.
Як паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на сп. Шведа, ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за тэрарыстычны акт і не выстаўляў ніякіх умоў.
Па факце выбуху распачата справа на падставе часткі 3 артыкула 289 Крымінальнага кодэкса (тэрарызм).
Намеснік генпракурора таксама паведаміў, што магутнасць выбуху складала не менш як 3 кг у тратылавым эквіваленце.
Паводле яго слоў, верагоднасць таго, што выбуховая прылада была радыёкіраванай, а не прыведзена ў дзеянне смяротнікам, “вельмі вялікая”.
Швед паведаміў, што выбух адбыўся ў раёне лаўкі на пероне станцыі “Кастрычніцкая”, але дзе дакладна — эксперты пакуль не высветлілі.
Выбух быў такой сілы, што лаўка практычна знішчана, знойдзены толькі асобныя яе фрагменты.
13 красавіка стала вядома, што міліцыя затрымала жыхара сталіцы, які ўжо прызнаўся ў здзяйсненні выбуху.
Ён жа, па звестках міліцыі, узяў на сябе адказнасць за ранейшыя выбухі ў Віцебску і ля стэлы Перамогі ў Мінску.
Рэдакцыя “Твайго стылю” выказвае спачуванне ўсім пацярпелым і іх блізкім.