“Нявечны каляндар” – пахвала моманту і мастацтву

|

«Нявечны каляндар» – кніга нефарматная і нетыповая ў кожным плане.

Па першае ў яе два аўтары. Аўтар тэкстаў Віталь Воранаў, для якога гэта адначасна кніжны дэбют. Ілюстрацыі выйшлі з пад рукі Марка Максімовіча, беларускага мастака з Гародні.

Лічба аркушаў кнігі – чортаў тузін, гэта вокладка і дванаццаць старонак. Кожная старонка адпавядае аднаму месяцу, які суправаджаецца выцінанкай, ці, дакладней сказаць, выразкай Марка Максімовіча. Адначасна у кожным аркушы каляндар на адзін год. Што цікава, дні тыдняў падаюцца ў версіі, якая выкарыстоўвалася Вацлавам Ластоўскім, дзе напрыклад, панядзелак гэта „месіч”. Усяго ў кнізе дванаццаць гадоў, якія пачынаюцца з 2009-ага года і заканчваюцца на 2020-ым.

Паводле канцэптуальнай задумы кожны год будучыні суправаджаецца ўжо мінулым годам. Паколькі раскладка кожнага году паўтараецца з пэўнай рэгулярнасцю, расклад датаў застаецца адным і тым жа, а гады падаюцца ў фармаце 1988/2009. Ідэя – усё паўтараецца, усё адбываецца паралельна і адначасна ў мінулым і ў будучым.

Паўтараюцца таксама ілюстрацыі выразак, на адным і на другім баку календара, якія зачыняюцца па прынцыпе стаўняў. З другога боку кожнай „стаўні” мініятура Віталя Воранава: усяго 13 тэкстаў аб’яднаных тэматыкай смерці, і ўсе паходзяць з публікаванага (Беларусь, 2008) у фрагмэнтах зборніка «Рэканструкцыя дзяцінства».

Тэксты падаюцца на левай „стаўні” у ангельскамоўным перакладзе Скота Корбы, мастака з беларускімі каранямі.

Колер кнігі таксама адпаведны – чорна-белы. Абавязковая двумоўнасць выданняў гэта мэтанакіраваная палітыка выдавецтва. Праект выдання па-майстэрску выканала Алена Сілівонік, прафесійная дызайнэр-мастачка з Менску.

Нетыповасць заключаецца таксама ў форме аб’яднання аркушаў, якія складзеныя па прынцыпе паштовак і як савецкая пасылка перавязаныя джутавым шнуром. Пасля развязання, аркушы можна выкарыстоўваць як настольны каляндар ажно да 2020 года.

Аднак, не зважаючы на гэтую разцягласць у часе, «Нявечны каляндар» кідае выклік не хуткаплыннасці часу, а камерцыялізацыі каляндарных выданняў. «Нявечны каляндар» – гэта адказ нудным рэкламна-тэматычным календарам, якія штогод залягаюць на паліцах кніжных крамаў, на доўгія дні замаруджваюць працу друкарняў, і гэтым самым замінаюць рэалізацыі мастацкіх праектаў.

«Нявечны каляндар» – пахвала моманту і мастацтву.

«Белы Крумкач», Познань, 2009.

Лёнік Шышко-Карамелька