Гродзенскі настаўнік канчаткова апраўданы

|

Настаўнік матэматыкі  Уладзімір Кучук больш за 2 гады лічыўся вінаватым у аварыі на вуліцы Будзёнага, у выніку якой страціў нагу студэнт Саша Шумель.


Аварыя на транспартнай развязцы здарылася яшчэ ў 2008 годзе.

Саша Шумель, студэнт ГрДзУ імя Я.Купалы, 20 лістапада ехаў у маршрутнай таксоўцы, якая на перакрыжаванні вуліц Кірава і Будзёнага выехала на паласу сустрэчнага руху, пасля чаго наткнулася на прыдарожную агароджу.

Сталёвая труба агароджы прабіла радыятар і выйшла ў салон, дзе пакалечыла маладога чалавека.

Хлопцу ампутавалі нагу, а пасля дактары доўга змагаліся за яго жыццё.

 

Абвінавачаным па справе значыўся гродзенец, што ў момант ДТЗ кіраваў уласнай “Рэно-Кліо”, ад сутыкнення з якім наляцела на трубу маршрутка.

У снежні 2009 года суд Ленінскага раёну прыйшоў да высновы, што здарэнне адбылося па яго віне.

Улічваючы, што гродзенец удавец і мае на забеспячэнні двух непаўнагадовых дзяцей, суд прымяніў Закон РБ “Аб амністыі…” і вызваліў ад крымінальнай адказнасці.

 

 З такім рашэннем абвінавачаны не пагадзіўся.

У абласны суд прыйшлі прыватныя скаргі ад абвінавачанага гродзенца і пацярпелага Аляксандра Шумеля.

Яны звярталі ўвагу на неаб’ектыўнасць адзнакі здарэння падчас судовага разбіральніцтва, мяркуючы, што непасрэднай прычынай ДТЗ былі парушэнні правіла руху кіроўцам маршрутнага таксі.

Гэты кіроўца літаральна за пару дзён да здарэння ўжо быў удзельнікам аварыі ў іншай частцы Гродна.

 

Крымінальную справу накіравалі на перагляд.

 

Сёлета ў студзені суд Ленінскага раёна вынес у дачыненні Уладзіміра Качура апраўдальны вердыкт.

Аднак пракуратура падала пратэст на гэтае рашэнне.

Кропка ў справе была пастаўлена 14 красавіка.

Як паведаміла “Гродзенская праўда”, калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда не задаволіла пратэст пракуратуры і пакінула апраўдальны прыгавор у дачыненні настаўніка  без зменаў.

 

Два гады спатрэбілася гродзенскаму настаўніку, які пасля смерці жонкі адзін выхоўвае дачок, каб даказаць сваю невінаватасць.

Аднак пытанне, хто вінаваты ў аварыі, якая скалечыла 20-гадовага хлопца, засталося адкрытым.