Беларускім чыноўнікам забароняць атрымліваць Карту паляка

Беларускі мінюст падрыхтаваў праект закона з працоўнай назвай “Аб забеспячэнні абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусі“. Пасля яго прыняцця грамадзяне Беларусі не змогуць карыстацца з ільгот і прывілеяў, якія ім даюць іншыя дзяржавы, у сувязі з іх палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі, нацыянальнай прыналежнасцю.

 

Як паведаміў агенцыі “Интерфакс-Запад” адзін з супрацоўнікаў Мінюсту, “у выпадку, калі грамадзянін Беларусі – дзяржаўны службоўца, які атрымаў   Карту паляка або аналагічны дакумент ад іншай дзяржавы, не верне яго ворганам краіны, якая выдала дакумент, гэта паслужыць падставай для спынення з ім працоўнага пагаднення.”

 

Матывуючы распрацоўку такой карэктоўкі беларускага заканадаўства, прадстаўнік Мінюста спаслаўся на палажэнне польскага Закона “Аб карце паляка“, якое, на яго меркаванне, “абцяжарвае грамадзян Беларусі, якія атрымалі Карту паляка, абавязкам улічваць інтарэсы Польшчы ў сваёй дзейнасці, а выдача Карты паляка знаходзіцца ў залежнасці ад пэўных паводзінаў гэтых грамадзянаў у адносінах да суседскай краіны“.

 

У сваю чаргу, такія паводзіны беларусаў могуць негатыўна адлюстравацца на нацыянальных інтарэсах Беларусі, упэўнены прадстаўнік Мінюста. Ён дадаў, што адзначаныя ім аргументы пацвярджаюцца пазіцыяй Канстытуцыйнага суда Беларусі, замацаванай у рашэнні ад 7 красавіка гэтага году.