Дайшла чарга і да гарэлкі

Інфармацыю пра падаражэнне гарэлкі на 10% атрымала агенцыя “Интэрфакс-Запад” у Міністэрстве эканомікі. У адпаведнасці з пастановай ад 25 мая, на 10% павышаюцца кошты на спірт этылавы харчовы і кошты на гарэлку з 28 мая. Кошт бутэлькі гарэлкі моцнасцю 40 працэнтаў складзе 9520 за паўлітры без кошту тары.

 

Мінулым разам Мінэканомікі павышала кошты на гарэлку 12 студзеня гэтага году на 5% па ініцыятыве “Белдзяржхарчпрома”.

 

У Мінску супермаркет “Карона” абмежаваў продаж цыгарэт да 5 пачак у адны рукі, паведамляе afn.by. Прадаўцы чакаюць такога ж абмежавання ў іншых мінскіх крамах. Аб’екты гандлю такім чынам імкнуцца захаваць хоць нейкі асартымент тавару пры спыненні паставак з-за мяжы. Прадаўцы кажуць, што дэфіцыт часовы – з 1 чэрвеня кошты на тытунь і алкаголь падымуцца на 30% і поўны асартымент вернецца. Але імпарт цыгарэт ці тытунёвай сыравіны можа быць пастаўлены пад пагрозу ўвогуле.

 

Што да Гродна, то пакуль цыгарэты продаюць у крамах свабодна. Як паведамілі ва ўнітарным прадпрыемстве “Бакалея”, цыгарэты пакуль масава не скупляюць – “да іх чарга яшчэ не дайшла, зараз скупляюць соль і цукар. Тытунь канешне таксама падаражэе – але які і калі, невядома”. Пра адсутнасць якой-небудзь пэўнасці з коштамі на тытунь і алкаголь пацвердзіла таксама гандлярка адной з гродзенскіх крамаў – “чуткі пра падаражэнне ходзяць актыўна, але калі і што, сказаць ніхто не можа”.