Прэзентацыя новага выдання “Гарадзенскі палімпсест”

Гэтым разам прапануецца вынік гадавой працы спецыяльнай групы гісторыкаў, знаўцаў гісторыі Гродна – зборнік “Гарадзенскі палімпсест 2010”.

 

Зборнік матэрыялаў падрыхтаваны пад рэдакцыяй гарадзенскіх гісторыкаў Алеся Смалянчука і Наталлі Сліж. У раздзеле “Гародня эпохі ВКЛ” даследчыкі распавядаюць пра дзейнасць гарадзенскіх судоў і магістрата ў 16 – 18 ст., пра палітычную барацьбу на гарадзенскіх сойміках, аналізуюць публічныя смяротныя пакаранні.

 

Матэрыялы раздзела “Горад і яго жыхары ў 19-20 ст.” знаёмяць чытача з сацыяльным партрэтам мясцовага чыноўніка і святара, штодзённасцю гарадзенскіх турмаў, пачаткамі гарадзенскага кінематографа і фатаграфіі, распавядаюць пра дзяцінства габрэйскіх дзяцей пазамінулага стагоддзя і г.д.

 

Аўтарамі “Гарадзенскага палімпсеста 2010” выступілі вядомыя гісторыкі Зміцер Яцкевіч, Аляксей Шаланда, Віталь Галубовіч, Сяргей Токць, Вольга Сабалеўская, Андрэй Чарнякевіч, Сяргей Харэўскі ды інш.

 

Пачатак прэзентацыі ў 18.30 па вул. Будзёнага 48а (зала ва ўнутраным дворыку).

 

Паводле інфармацыі Гарадзенскага “Руху за свабоду”