Гродзенскі афіцэр падазраецца ў згвалтаваннях
Злачынствы адбываліся ў Смаргоні ўлетку мінулага году. Мужчына ўначы з выкарыстаннем прадмета, падобнага на электрашокер, нападаў на жанчын. Крымінальныя справы праваахоўнікі завялі па факце хуліганства. Пасля высветлілася, што адну з ахвяраў мужчына згвалтаваў, другую падвяргаў гвалтоўным дзеянням сэксуальнага характару. Міліцыя ведае пра пяць фактаў нападу афіцэра. У трох выпадках жанчыны актыўна супраціўляліся, што іх уратавала ад згвалтавання.
Першай у міліцыю звярнулася непаўнагадовая дзяўчына, на якую нападаў затрыманы. Пакінутыя на адзенні дзяўчыны сляды дазволілі высветліць геном нападаючага. Падчас аператыўна-росшукавых мерапрыемстваў праваахоўнікі адпрацавалі каля 500 мужчынаў, якія патэнцыйна маглі здзяйсняць гэтыя злачынствы. Гэтак выйшлі на падазраванага маёра, які поўнасцю прызнаўся ў зробленым, паведамляе сайт УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Па словах мужчыны, ён у глыбіні душы затоіў крыўду на жанчын, аднаго разу ўбачыўшы жонку з незнаёмцам. Ад былога шлюбу ў яго ёсць дачка.
Крымінальныя справы, заведзеныя па артыкуле “Хуліганства”, будуць перакваліфікаваныя з улікам скіраванасці намеру затрыманага.