У Гродне адзначылі 170-годдзе Элізы Ажэшкі

Святкаванні ўгодкаў слыннай пісьменніцы распачаліся ўскладаннем кветак да яе помніка.

 

2 чэрвеня ў абласной бібліятэцы імя Карскага зладзілася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Пісьменніца. Грамадскі дзеяч. Жанчына”. Падчас канферэнцыі ў галоўным будынку бібліятэкі працавала кніжная выстава, прысвечаная Элізе Ажэшцы, дзе былі прадстаўленыя кнігі з фондаў абласной бібліятэкі, аддзела рэдкай кнігі і старадрукаваных выданняў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама выданні з фондаў Падляскай ваяводзкай бібліятэкі імя Л. Гурніцкага.

 

У наступны дзень у доміку Элізы Ажэшкі разгарнулася літаратурнае свята “Пані Эліза запрашае”.

 

Цэлы дзень у нашым доміку і каля яго на вуліцы быў жывы рух – дзеці, моладзь і дарослыя ішлі бясконцай плынню на свята, – распавяла галоўны бібліятэкар юнацкага філіяла абласной бібліятэкі імя Карскага Вольга Коршун. – На ўрачыстым адкрыцці мы ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “Эліза Ажэшка вачыма маладых”. Дзеці на конкурс прыносілі свае карціны, вершы, здымкі, рэфераты, прысвечаныя асобе і творчасці Ажэшка. Была “Капэла”, якая спявала паланез Агінскага. Таксама зладзілі сустрэчу з паэтамі і пісьменнікамі Гродзеншчыны – проста на вуліцы каля доміка, дзе літаратары чыталі свае творы. Эліза Ажэшка была вядомая сваёй дабрачыннай дзейнасцю – мы таксама спрабуем працягваць гэтую яе традыцыю, і 3 чэрвеня таксама ў доміку Ажэшкі зладзілі ранішнік для выхаванцаў Лойкаўскага сацыяльнга прытулку. Зрабілі дзецям салодкі стол, падарункі, падрыхтавалі цікавую праграму – мы іх кожны год да нас запрашаем.

 

Яшчэ адным элементам святкаванняў 170-годдзя Элізы Ажэшкі сталася літаратурная вечарына беластоцкага паэта Яна Леанчука, аўтара каля 30 кніжак.

 

alt=”Эліза Ажэшка” >