Алесь Кіркевіч даслаў “Твайму Стылю” ліст

У “амерыканку” лісты Алесю пачалі даходзіць рэгулярна, перад судом практычна ўсе лісты атрымліваў. Праўда, даходзілі лісты толькі ад родных – мяне і жонкі Надзеі. Зараз на Валадарскага дайшлі лісты і ад сяброў. Алесь піша нам таксама часта і просіць, каб пісалі больш – яму гэта вельмі важна… – кажа Ларыса Аляксандраўна.

 

Уласна сам ліст:

Прывітанне, Твой Стыль!

 

У першую чаргу хацеў бы падзякаваць за ўсё, што вы робіце ў нашым горадзе – плённа, метадычна, прафесійна і канешне ж ад душы. Праект, які б спалучаў у сабе выхаваўчыя функцыі з рэальнай медыйнай працай – з’явы сапраўды ўнікальныя для нашага супярэчлівага, але тым ня менш любага кавалку Еўропы.

 

Не шкадую, што хоць са спазненнем, але атрымаў ваш дыплом, які ў любы час нагадвае пра атрыманы досьвед і невялічкі гасцінны офіс у цэнтры мітуслівага гораду:)

 

Мінулым, будучым і сучасным “шэмэжэшкам” (апошнія, пэўна, ужо на вакацыях) хацелася б пажадаць наступнага: заўсёды будзьце сумленнымі, ініцыятыўнымі, прадпрымальнымі, не бойцеся адстойваць свае перакананні і ніколі не кідайце сваіх. Бойцеся ж мысліць і жыць “па шаблону”, прагінацца пад кожнага сустрэчнага, бойцеся быць баязліўцамі. Карацей, пафас пафасам, а рэвалюцыя заўжды пачынаецца менавіта ў ТВАІМ СЭРЦЫ”.

 

alt=”Image 15310″ >

 

 

Пакуль Алесь яшчэ некалькі тыдняў будзе знаходзіцца да суда на Валадарскага, таму лісты яму можна дасылаць на гэты адрас: 220050, Менск, Валадарскага, 2. к. 21, СІЗА-1, Кіркевічу Аляксандру Раманавічу.


Нагадаем, Алесь Кіркевіч атрымаў 4 гады пазбаўлення волі за “ўдзел у масавых беспарадках” 19 снежня, вырак быў вынесены 4 мая ў Кастрычніцкім судзе Менска на пяты дзень судовага паседжання.

 

Здымкі Юры Седзянеўскага