Хлапцоў у Беларусі больш, чым дзяўчат
На 1 студзеня гэтага году ў Беларусі жыло 2 мільёны 345 тысяч чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 году, або кожны чацвёрты беларус – маладзён. Сярод іх 51% мужчын і 49% жанчын.
Цягам апошніх гадоў захоўваецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці падлеткаў – на пачатак гэтага году ў Беларусі жыло 416 900 маладзёнаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў і ў параўнанні з пачаткам 2000 году колькасць гэтай узроставай групы моладзі паменшылася на 243 500 чалавек, або на 36,9%.
У Гродзенскай вобласці на пачатак гэтага году жыло 247 805 чалавек маладзёнаў. Іх колькасць пастаянна скарачаецца.
Дынаміка колькасці маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 году на Гродзеншчыне
alt=”Image 15515″ >
У гарадах жыве 81,4% усёй беларускай моладзі, і толькі 18,6% – у вёсках. За 11 гадоў колькасць сельскай моладзі скарацілася на 145 100 чалавек, што найперш тлумачыцца мігрыцыйным адтокам у гарады. Сярод тых, хто з’язджае з вёсак у гарады, пераважаюць жанчыны – 57%. Гэтая тэндэнцыя, якая назіраецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, прывяла да дысбалансу колькасці мужчын і жанчын – у вёсках не хапае “нявест”. На пачатак гэтага году на 1000 сельскіх маладых мужчынаў даводзілася 827 маладых жанчын (маецца на ўвазе 20-29-гадовага ўзросту).
Таксама ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя паступовага павелічэння сярэдняга ўзросту, калі маладзёны бяруць шлюб. У 2010 годзе сярэдні ўзрост нявесты складаў 24,4 гады, жаніха – 26,5, у параўнанні з 2000 годам – упершыню бралі шлюб дзяўчаты ва ўзросце 22, 8 гадоў, мужчыны – у 25 гадоў.
Павелічэнне сярэдняга ўзросту замужства прывяло і да павелічэння сярэдняга ўзросту жанчын, якія ўпершыню сталі маці – у 2000 годзе сярэдні ўзрост маладых мам быў 23,3 гады, а ў 2010 – 24,9 гады.