У цэнтры Гродна пляскалі ў далоні больш за 1000 чалавек
У цэнтральнай частцы плошчы на лавах сядзелі адзінкавыя грамадзяне.
Дзяўчына: – Я таксама пайшла, села, а пасля гляджу – вакол мяне ўсе з рацыямі…
Затое за агароджай з боку вуліцы Савецкай і “Ратушнага” бліжэй да 19 гадзін сабраліся сотні гродзенцаў.
Там-сям былі бачныя арганізаваныя групкі людзей у чырвоных і зялёных капелюшах.
Супрацоўнікаў міліцыі ў форме практычна не было.
Бліжэй да паловы на восьмую людзі пачалі пляскаць у далоні, а праз некалькі хвілін рушылі па Савецкай вуліцы ў кірунку плошчы Леніна.
“Чырвоныя капялюшыкі” ішлі разам з усімі. Людзі ўсміхаліся, часам пляскаць у далоні пачыналі і мінакі.
Агульны настрой заставаўся прыўзнятым.
Шэсце мірна скончылася на перакрыжаванні з вуліцай Ажэшкі: група ў колькасці каля 150 чалавек рушыла ў бок чыгуначнага вакзала, прыкладна столькі ж спынілася ля ўваходу ў парк Жылібера, частка людзей засталася на Савецкай, астатнія разышліся.
Рух па плошчы Леніна перакрыты.
На ёй у гэты час расстаўлялі пластыкавыя крэслы.
Фота з сайта http://www.vgr.by