Жыллёва-камунальныя баталіі альбо Зямля – гарадская, дом – калгасны
Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Путрышкі» – уладальнік дома – не рэагуе на просьбы ліквідаваць прычыны страшнага паху і сырасці у кватэрах жыльцоў.
У той час як паміж бакамі доўжыцца перапіска, у хаце расце грыбок і з пячных труб на галовы мінакоў сыплюцца цагліны.
Экспертыза
Жыхарка дома №5 Святлана Парфёнава ў 2009 годзе напісала скаргу ў УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна аб тым, што ў доме 1954 г. пабудовы ні разу не праводзіўся капітальны рамонт.
У скарзе жанчына папрасіла правесці праверку санітарна-тэхнічных умоў сваёй кватэры.
Прычынамі для скаргі паслужылі грунтовыя воды, якія штогод затапляюць склеп, і цвіль на сценах і столі.
>
У заяве, у прыватнасці, гаварылася:
– Адсутнічае гідраізаляцыя сцен дома. У кватэры падвышаная вільготнасць, цвіль на сценах, якую немагчыма прыбраць сродкамі, прапанаванымі ў гандлёва-будаўнічай сетцы.
Шпалеры прыходзіцца пераклейваць кожны год. З-за цвілі ў кватэры ўдушлівы пах.
Падлога ў кватэры драўляная, дошкі прагнілі, прыкметныя правалы, уздуцці, месцамі падлога хітаецца.
Вонкавыя сцены не абтынкаваныя, мур разбураны, вывальваюцца цагліны.
Дах у доме шыферны, адсутнічаюць казырок і вадасцёкавыя трубы.
Вада ліецца па сцяне, вакол дома няма адмосткі.
Печкавыя трубы на даху руйнуюцца, цагліны падаюць ўніз, што ўяўляе пагрозу для жыцця і здароўя жыхароў».
У снежні 2009 года камісія, прызначаная Адміністрацыяй Ленінскага раёна горада, правяла абследаванне кватэры, каб высветліць, наколькі яна адпавядае санітарным і тэхнічным патрабаванням і ці яна прыдатная ўвогуле для пражывання.
У выніку абследавання камісія прызнала кватэру неадпаведнай санітарным і тэхнічным нормам, але прыдатнай для пражывання.
Паводле акту праверкі, у складанні якога ўдзельнічала і галоўны дзяржаўны ўрач Гродна і Гродзенскага раёна Кулеша З.В., пра грыбок, ад якога ўтвараецца сырасць, ні сказана ні слова.
У акце адзначана, што фізічны знос дома складае 45%. Калі ўлічыць тое, што абследаванне праводзілася зімой, калі ў падвалах няма грунтовых вод, а грыбок не так развіваецца з-за уключанага ацяплення, жыхары дома з вялікім сумневам паставіліся да дакладнасці названых дадзеных.
Пасля правядзення абследавання і выяўлення нават тых неадпаведнасцяў, якія адзначыла камісія, кааператывам “Путрышкі” не было праведзена ні рэканструкцыі, ні капітальных прац.
СВК “Путрышкі”: пабелім вам сцены
Прабыўшы ў чаканні якой-небудзь рэакцыі паўтары года, жыхары звярнуліся з такой жа скаргай да кіраўніцтва кааператыва, на балансе якога, нагадаем, знаходзіўся іх дом.
У адказ жыхары атрымалі ліст, з якога вынікала, што:
– Грамадзяне-наймальнікі жылых памяшканняў павінны выконваць наступныя патрабаванні: рабіць за кошт уласных сродкаў самастойна рамонт займаемага жылога памяшкання.
СВК «Путрышкі» як балансаўтрымальнік жылога дома №5 па вул. Астравок г. Гродна запланаваў на 2012 год бягучы рамонт лесвічных праёмаў, пабелку сцен і столяў у месцах агульнага карыстання пад’езда №2, а таксама рамонт адмосткі жылога дома.
Аднак у лісце не было нічога сказана аб тым, што праз год пабеленыя сцены і столі пакрыюцца цвіллю, калі не ліквідаваць прычыну яе з’яўлення. І ўсе сродкі, выдаткаваныя на рамонт, у чарговы раз патрапяць у бяздонную яму.
Зразумеўшы, што балансаўладальнік вырашыў не заўважаць праблемы са сцёкавымі водамі і з’яўленнем грыбка, жыхары дома пачалі самастойна вывучаць жыллёвае заканадаўства.
Высветлілася, што ў 2008 годзе ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 красавіка 2008г. № 234 «О некоторых вопросах административно-территориального устройства г. Гродно и Гродненского района» ў гарадскую рысу горада Гродна былі ўключаны зямельныя ўчасткі, размешчаныя ў Гродзенскім раёне.
У адміністрацыйнае падпарадкаванне гродзенскіх гарадскога Савета дэпутатаў і гарвыканкама былі перададзеныя і зямлі вёскі Астравок.
Аднак жылыя будынкі вёскі Астравок, у тым ліку і жылы дом № 5, не былі перададзены на баланс УЖРЭП Ленінскага раёна з-за неадпаведнага санітарнага стану.
Кіруючыся Жыллёвым Кодэксам Рэспублікі Беларусь, жыхары звярнуліся ў той жа СВК «Путрышкі» з просьбай прывесці жылы дом у належны стан для перадачы яго ў адміністрацыйнае падпарадкаванне гродзенскіх гарадскога Савета дэпутатаў і гарвыканкама, каб ён меў магчымасць абслугоўвацца ў адным з ЖЭС-аў УЖРЭП Ленінскага раёна.
Жыхары вырашылі так: калі СВК адмаўляецца выконваць Закон, лепш каб дом быў пад наглядам горада. Галоўнае, каб цвілі больш не было.
Праз месяц СВК зноў адказаў жыхарам:
– Перадача жылых дамоў на баланс УЖРЭП Ленінскага раёна можа быць праведзена не па ўласнай ініцыятыве бакоў, г.зн. СВК «Путрышкі» і УЖРЭП Ленінскага раёна, а выключна паводле рашэння Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта.
На падставе рашэння праўлення ад 24.06.2011г. СВК «Путрышкі» як балансаўладальнік жылога дома №5 па вул. Астравок г. Гродна абавязваецца ў тэрмін да 1 жніўня 2011 года вырабіць бягучы рамонт лесвічных праёмаў, пабелку сцен і столяў у месцах агульнага карыстання пад’езда №2.
Таксама прапануем жыхарам дома №5 па вул. Астравок набыць за свой кошт неабходныя будаўнічыя матэрыялы для замены падлогі, а з боку гаспадаркі будуць бязвыплатна прадстаўленыя будаўнічыя паслугі і неабходная колькасць рабочых будаўнічай брыгады для выканання рамонтных прац.
Паходы па інстанцыях
Згубіўшы надзею быць пачутымі пра тое, што іх хвалюе не пабелка сцен і столі, жыхары дома ў ліпені 2011 года падпісаліся пад калектыўнымі лістамі, накіраванымі ў Гродзенскі райвыканкам і Камітэт Дзяржаўнага кантролю.
У чарговы раз людзі паказалі ўсе тыя праблемы, якія пакідаў незаўважанымі іх уласны балансаўладальнік жылля.
Да ўсяго іншага, аказалася, што ў некаторых жыхароў ужо на працягу некалькіх гадоў назіраюцца дэрматалагічныя праблемы і алергічныя рэакцыі.
З калектыўнага ліста:
– Як паведамляе нам старшыня СВК «Путрышкі» ў 2012 годзе плануецца зрабіць бягучы рамонт лесвічных праёмаў, пабелку сцен і столяў у пад’ездзе № 2.
Дадзеныя меры прывядуць толькі да акультурвання жылога дома, але не вырашаць праблем, звязаных з парушэннем балансаўладальнікам Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», просім садзейнічаць у вырашэнні гэтага пытання.
Пасля гэтага былі накіраваныя таксама лісты галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу Гродна і Гродзенскага раёна Кулеша З.В. аб праверцы адпаведнасці жылля санітарна-гігіенічным патрабаванням і старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта аб садзейнічанні перадачы дома ў падпарадкаванне Гродзенскаму гарадскому савету дэпутатаў.
«Чарнышэўскі не ведаў, што рабіць, Ленін не ведаў, што рабіць, а я адкуль ведаю?»
Пакуль жыхары дома дамагаюцца сваіх правоў і носяць «паперкі» па розных інстанцыях, іх дом застаецца ў крытычным стане.
З даху па-ранейшаму падаюць цэглы, мур руйнуецца ўсё больш і больш, грыбок паўзе па сценах ўверх, знішчаючы падлогу на другім паверсе.
На пытанне «Што рабіць?» Старшыня СВК «Путрышкі» Віктар Іванавіч Петрушкевіч адказаў прыведзенай вышэй цытатай.
Таксама ад каментароў ён адмовіўся, сказаўшы, што ўсе адказы СВК дае ў выглядзе афіцыйных дакументаў.
Жыхары ў адказ на тое ж самае пытанне паціскаюць плячыма, аднак прапаноўваюць зрабіць у доме кацельню, водаадвод і вентыляцыю.
Жыхары дома па вул. Астравок у Гродне змагаюцца за свае правы by t-styl
У Беларускім таварыстве абароны спажыўцоў яго старшыня Вадзім Рыжкевіч прапанаваў жыхарам у выпадку, калі пройдзеныя ўсе дзяржаўныя інстанцыі, звяртацца ў суд для абароны сваіх жыллёвых правоў.
Кіраўнік Таварыства абароны правоў спажыўцоў каментуе сітуацыю by t-styl
На сённяшні дзень жыхары дома яшчэ не атрымалі адказаў на калектыўныя запыты ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, Гродзенскі райвыканкам, Гродзенскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Пакуль «паперкі» шпацыруюць па інстанцыях, людзі ўсё ж спадзяюцца, што хто-небудзь пачуе іх, і, кіруючыся законам, зможа змяніць сітуацыю, не даводзячы яе да суду.