Кардынал Казімір Свёнтэк адышоў у вечнасць

Таксама ў Фарным касцёле будзе выстаўленая адмысловая кніга кандаленцый, у якой кожны вернік, кожны чалавек можа пакінуць свае кандаленцыі, распавёў галоўны рэдактар газеты “Слова жыцця” ксёндз Павел Салабуда:

 

Таксама ў найбліжэйшым часе ва ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі будзе адпраўленая святая імша за памерлага кардынала Свёнтка. Кардынал быў вельмі важнай асобай для Беларусі, гэта першы кардынал у гісторыі каталікоў на Беларусі. Кожны ягоны візіт у Гродна быў вельмі ўрачыста прыняты. Гэта быў чалавек, які меў вельмі вялікі аўтарытэт сярод вернікаў. Ён прайшоў савецкія лагеры, прайшоў вельмі шмат выпрабаванняў і быў важным сведкам веры ў гэтыя часы, – кажа кс. Павел Салабуда.

 

Жалобная святая Імша пры труне з целам кардынала Казіміра Свёнтка адбудзецца ў мінскай архікатэдры ў суботу, 23 ліпеня, у 13.00 і ў пінскай катэдры ў панядзелак, 25 ліпеня, у 12.00.

 

Пахаванне кардынала Казіміра Свёнтэка адбудзецца ў панядзелак 25 ліпеня ў пінскай катэдры, паведамляе catholic.by. Парэшткі кардынала Свёнтка будудзь складзены ў мармуровым саркафагу ў пахавальнай крыпце пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе некалі таксама быў пахаваны першы біскуп Беларусі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Пазней рэліквіі біскупа Лазінскага былі перанесены у спецыяльную капліцу пінскай катэдры.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. У выніку пераследавання рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

 

Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць святую Імшу ў касцёле.

 

Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка адбудавана пінская катэдра — напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Адбудоўваючы пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі.

 

Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.

 

Пастырская актыўнасць кс. прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

 

Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Ён з’яўляецца сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння на Беларусі.

 

У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надае яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Касцёла на Беларусі і ягонай ролі ў сусветным Касцёле.

 

Кардынал Свёнтэк яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 года. У гэтай праграме асаблівае месца прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

 

11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.

 

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

 

14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1, падаецца на catholic.by

 

Здымак БелаПАН