Гродзенскія студэнты змогуць павышаць адукацыю за мяжой
Удзельнікамі праграмы могуць стаць студэнты 2-5 курсаў, студэнты, якія жадаюць навучацца ў магістратуры, а таксама магістранты, аспіранты і выкладчыкі.
Тэрмін акадэмічнай мабільнасці для студэнтаў складае 6-10 месяцаў, для магістрантаў – да 22 месяцаў, для аспірантаў – 10-30 месяцаў, выкладчыкаў са ступенню – 6-10 месяцаў, выкладчыкаў – 1 месяц.
Адбор удзельнікаў адбываецца на конкурснай аснове камісіяй, якая складаецца з прадстаўнікоў усіх універсітэтаў кансорцыума, у які ўваходзяць навучальныя ўстановы Беларусі, Украіны, Малдовы і краін ЕС. Пры адборы для навучання будуць улічвацца паспяховасць, матывацыя, веданне мовы праграмы навучання, пацверджанае міжнароднымі сертыфікатамі.
У пачатку наступнага навучальнага году на афіцыйным сайце купалаўскага ўніверсітэта будзе з’яўляцца інфармацыя пра тэрміны і парадак падачы дакументаў для ўдзелу ў акадэмічнай мабільнасці ў 2012/2013 акадэмічным годзе.
Праграма акадэмічнай мабільнасці Эразмуса Мундуса скіраваная на павышэнне якасці еўрапейскай адукацыі, умацаванне і развіццё еўрапейскага супрацоўніцтва і міжнародных сувязяў у сферы вышэйшай адукацыі. Праграма існуе з 2004 году і фінансуецца Еўрапейскай камісіяй. Новая яе ініцыятыва “Акно знешняга супрацоўніцтва” абвешчаная ў канцы 2006 году і скіраваная на наступнае развіццё супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі паміж Еўрапейскім саюзам і трэцімі краінамі за кошт рэалізацыі новых схем мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў.
Падрабязную інфармацыю пра ўдзел у праграме Эразмуса мундуса можна знайсці на афіцыйным сайце праграмы.