Цукар пакуль не падаражэе?

Апошнім часам зноў ідуць чуткі пра павышэнне коштаў на цукар. Называюць новыя кошты хто па 7 тысяч, а хто і па 10 замест цяперашніх 5 тысяч за кілаграм. Старшыня канцэрну “Белдзяржхарчпром” Іван Данчанка сёння паведаміў, што кошты на цукар не павысяцца да з’яўлення ў крамах гэтага прадукту з буракоў новага ўраджаю.


Кошты да новага ўраджаю цукровых буракоў змяняцца не будуць, – заявіў сёння сп Данчанка, перадае afn.by.

 

Далей кошты на цукар будуць залежаць ад закупачных коштаў на цукровыя буракі новага ўраджаю. Па словах старшыні “Белдзяржхарчпрому”, у мінулым годзе тона цукровых буракоў каштавала 100 тысяч рублёў, сёлета, мяркуецца, кошт будзе складаць 234 тысячы за тону.

 

У той жа час чыноўнік не выключыў, што кошт на цукар можа застацца гэткім жа з-за неабходнасці выхаду на парытэт на цукар з Расіяй. Сёння цукар у РФ каштуе даражэй, чым у Беларусі, аднак сёлета Расія чакае “небывалага ўраджаю цукровых буракоў”.

 

Магчыма, там будзе не рост, а зніжэнне коштаў, і мы будзем арыентавацца на сітуацыю ў суседніх краінах, – мяркуе сп Данчанка.

 

Каментуючы ажыятажны попыт у беларускіх крамах на цукар, старшыня канцэрну запэўніў, што дэфіцыту цукру не будзе – да новага ўраджаю маецца запас у 100 тысяч тон цукру, зробленага з трыснягу.

 

Варта адзначыць, што з 28 мая цукар падаражэў амаль на 40%, а калі ўлічваць лютаўскае павышэнне, то з пачатку гэтага году цукар падаражэў на 60%.

 

Здымак з kp.by