Стартуе 6-ы Тыдзень нефармальнай адукацыі

Адукацыйныя мерапрыемствы будуць праходзіць у розных гарадах Беларусі з 24 верасня па 2 кастрычніка 2011 г.

 

Робячы акцэнт на праблемах развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, арганізатары Тыдня НФА-2011 прапаноўваюць абмеркаваць шэраг пытанняў:

 

– якія існуюць магчымасці і перспектывы развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі дарослых у малых гарадах і сельскай мясцовасці?

 

– якія актуальныя падыходы, формы, кірункі гатовыя прапанаваць беларускія спецыялісты?

 

– як можна выкарыстоўваць замежны і айчынны вопыт для таго, каб адукацыйныя паслугі ў сферы НФА зрабіць прывабнымі для спажыўцоў у рэгіёнах?

 

Ключавой падзеяй Тыдня НФА-2011 стане круглы стол “Нефармальная адукацыя ў рэгіёнах Беларусі: запатрабаванні, вопыт, інавацыі“, які пройдзе 28 верасня 2011 ў Мінску. Ён стане дыскусійнай пляцоўкай, на якой эксперты, прадстаўнікі арганізацый дзяржаўнага, грамадскага і бізнес-сектараў абмяркуюць стан і праблемы нефармальнай і дадатковай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі, а таксама ролю НФА ў рэгіянальным развіцці.

 

Да ўдзелу ў Тыдні НФА-2011 запрашаюцца арганізацыі, якія займаюцца нефармальнай і дадатковай адукацыяй дарослых, а таксама арганізацыі, гатовыя аказаць садзейнічанне і падтрымку ў правядзенні Тыдня НФА.

 

Прыём заявак і прапаноў працягнецца да 29 жніўня 2011 года. Падрабязная інфармацыя пра Тыдзень НФА-2011 размешчана на сайце www.adukatar.net.

 

Мінулы Тыдзень нефармальнай адукцыі ладзіўся ў 2009 годзе.