Гродзенскія аўтобусы будуць адсочвацца са спадарожніка

|

Аўтобусы ў Гродна адсочваюцца ў рэжыме рэальнага часу. Абсталяванне аднаго аўтобуса каштуе прыкладна 1 мільён рублёў. Зараз навігатары маюць усе 150 аўтобусаў, якія працуюць на гарадскіх лініях. Начальнік аддзела перавозак аўтобуснага парка №1 Дзмітрый Апановіч лічыць, што такія выдаткі цалкам сябе апраўдаюць:

Пакуль што асноўная мэта ўсталявання і працы GPS-навігатараў у кантраляванні за дакладным рухам аўтобусаў, дысцыплінаванні кіроўцаў. Аднак у хуткім часе плануем, што разам з дыспетчарам, які працуе са зводкай сігналаў ад GPS-навігатараў, будзе працаваць дыспетчар, адказны за выпуск машын на маршрут. Тады, напрыклад, калі нейкі аўтобус загразне ў корку, дыспетчар пры наяўнасці вольнага аўтобуса можа выслаць на дадзены маршрут дадатковую машыну.

Сігнал са спадарожніка пастаянна транслюе перамяшчэнні кожнага аўтобуса ў дыспетчарскі пункт. Уся інфармацыя выводзіцца на вялікі экран, дзе па кожнай машыне можна атрымаць інфармацыю часу прастою, сярэдняй хуткасці, выдаткаў паліва. Да таго ж сістэма дазваляе падключыць прыгарадныя і міжгароднія маршруты.

Магчыма, хутка датчыкамі будуць абсталяваныя тралейбусы і гарадскія маршруткі.

Здымак паводле газеты “Гродзенская праўда”