Агнешка Ажэхоўска: дзе з’яўляецца чалавек – там узнікаюць экалагічныя праблемы

|

На пачатку верасня разам са сваёй калегай па фондзе “Па-за схемай” Надзінай Мілеўскай (на здымку ніжэй справа) яна праводзіла трэнінг для актывістаў экалагічнага руху ў Гродна.

Удзел у сустрэчы, арганізаванай грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар”, бралі прадстаўнікі грамадскіх ініцыятываў “Чысты Лес”, “Адданае Сэрца”, “Green Sun”, “Дзеці і бацькі Гародні”.

 

Адным з кірункаў дзейнасці фонда, які прадстаўлялі дзяўчаты, з’яўляецца экалагічная адукацыі і стварэнне экалагічных клубаў (эка-клубаў) па ўсім свеце.

 

Апроч працы ў Польшчы Агнешка наведвала таксама Гватэмалу, Эквадор і шэраг іншых экзатычных краінаў, дзе добра прасочваецца ўплыў чалавека на экасістэму.

 

З размовы пра гэта і пачалася нашая размова.

 

Што,  на тваю думку, яднае Беларусь і Гватэмалу?


– Мне падаецца ўзровень экалагічнай адукцыі ў гэтых краінах той самы.  На першы погляд мне падалося, што ў Беларусі чыста, бо на вуліцах няма смецця. Але па ходу трэнінга удзельнікі распавялі, што смецця шмат у лясах і ў дварах, ёсць свалкі.

Агнешка (у цэнтры) праводзіць занятак у гватэмальскай школе

 

У Гватэмале таксама людзі не задумваюцца, што адбываецца са смеццем і што з ім трэба рабіць.

 

А чаму, калі мы пачынаем размаўляць пра экалагічныя праблемы, то ў першую чаргу гаворым пра смецце?


– Таму што яно ўсюды, ды і смецце можна адразу заўважыць. Апроч таго, калі мы зробім нейкія намаганні, то гэтую праблему можна вырашыць: прыбраць канкрэтны кавалак зямлі, скараціць колькасць упакавання і г.д.

 

Ці можаш прывесці прыклад краіны, у якой няма такой праблемы?


– Усюды, дзе з’яўляецца чалавек – з’яўляюцца экалагічныя праблемы. Але ў Еўрапейскіх краінах, напрыклад, у Германіі, Швецыі і Велікабрытаніі больш развітая сістэма вывазу і перапрацоўкі смецця.

У  Германіі кожны мае ў сваім доме 5-6 скрыняў, у якія сартыруе пластык, шкло і г.д. Калі пасартыравана кепска, кампанія такое смецце не вывезе, ці накладзе на яго ўладальніка штраф.

У Польшчы таксама  існуе адпаведнае заканадаўства па сартыроўцы адкідаў, але цалкам сістэма не працуе, бо свядомасць людзей ніжэйшая:  яны пакуль не разумеюць як гэта дакладна рабіць ці проста лянуюцца.

 

Што такое экалагічная адукацыя? І ці была яна так актуальнай яшчэ некалькі год таму?


– Мэта экалагічнай адукацыі ў тым, каб даць веды і ўменні людзям, навучыць іх як змяніць свае паводзіны, каб не рабіць такую шкоду прыродзе і ассяроддзю. Трэба  больш адчувальна ставіцца да навакольнага свету, помніць пра будучыя пакаленні, пра тое, у якім стане мы  пакінем ім Зямлю.

>

Гэта пытаннне важнае менавіта зараз, бо нафта, вугаль, чыстая вада сканчаюцца, знікаюць віды жывёлаў і раслін, “непрыкметна” знікае цэлы свет, у якім мы жывём.

 

Гэта песімістычна, але прыйшоў час, калі трэба думаць, як мы будзем існаваць далей.  Існуе меркаванне, што прырода без чалавек зможа жыць далей, а чалавек без яе – не.

 

Як даўно ты займаешся  экалагічнай адукцыяй?


– Разам з Надзінай з 2004 г. мы займаліся грамадзянскай адукацыяй, дапамагалі людзям шукаць спосабы вырашэння праблем, якія іх хвалююць.

З цягам часу  мы заўважылі, што шмат праблем тычацца  менавіта экалогіі.

 

Тады мы пазнаёміліся  з Міжнароднай сеткай эка-клубаў, у якіх была вельмі добрая метадалогія працы па “ажыўленню” мясцовых супольнасцяў, заснаваная на матываванні людзей да таго, каб яны самі нешта зрабілі для сябе.

 

Мы аб’ядналі досьвед экаклубаў з нашым досьведам, бо гэта было вельмі блізка адно да аднаго.

 

Ты бачыш вынікі сваёй працы?


–  Моладзь, з якой мы працавалі,  ужо інакш ставіцца да гэтай тэмы. Некаторыя з удзельнікаў нашых праграм пасля школы пайшлі ва ўніверсітэты вывучаць экалогію ці біялогію, некаторыя пачалі працаваць у экалагічных арганізацыях.

 

Перамены ёсць як на індывідуальным узроўні, так і на больш шырокім.

 

Але, канешне, дзякуючы не толькі нашай працы, але і працы іншых арганізацый і мясцовай улады.

Людзі пачалі лепш разумець экалагічную тэматыку. Гэта здарылася ў тым ліку і дзякуючы законам, якія ўводзяцца ў Польшчы.

 

Колькі год спатрэбілася Польшчы для развіцця эка-руху? Чаго нам чакаць у Беларусі?


– Мне здаецца, параўноўваць цяжка, бо ў нашых краінах зусім іншыя ўмовы.

 

Напрыклад, у Германіі ўсё пачало развівацца ў 50-60 г. мінулага стагоддзя з партыі “Зялёных”.

Яны ўжо тады пачалі гучна заяўляць пра экалагічныя праблемы.

 

У Польшчы – з 90-х гг., калі развалілася камуністычня сістэма.

 

У Беларусі працэс развіцця можа пайсці хутчэй, бо інтэрнэт зрабіў больш хуткім доступ да інфармацыі.

 

Ёсць таксама магчымасць супрацоўнічаць з экалагічнымі рухамі, якія актыўна развіваюцца ва ўсім свеце.

 

У Беларусі, канешне, менш даступныя фінансавыя рэсурсы на экалагічныя праекты. Але мы маем прыклады з эка-клубаў Эквадора, Дамініканскай Рэспублікі і Партугаліі, якія вырабляюць і прадаюць мёд, кампост, паперу і інш. і выкарыстоўваюць атрыманыя рэсурсы на экалагічную адукацыю.

 

Ці заўважыла ты патэнцыял у той группе, з якой давялося працаваць у Гродне?


– Канешне, калі нехта хоча  нешта зрабіць, ён знойдзе сваё месца ў сваёй ініцыятыве, ці далучыцца да іншай.

 

Мне спадабалася, што людзі шмат гавораць, абмяркоўваюць тое, што іх хвалюе.

 

Мы не паспелі зрабіць усё, што планавалася за 3 дні нашай сустрэчы, але дыскусіі, якія адбываліся паміж намі, дапамаглі зразумець сутнасць праблем, звязаных з экалагічнай адукацыяй.

Я даўно ў грамадскай дзейнасці і ведаю, што цяжка адразу заўважыць вынікі. Часам вынікаў трэба чакаць 5-6 год і нават больш.

 

Калі з 20 чалавек праз некаторы час хоць два застануцца працаваць ў гэтай сферы – гэта ўжо вялікі поспех, бо хаця б у іх свядомасці адбыліся змены.

 

Ці можаш ты прывесці прыклад “свядомай” у экалагічным сэнсе краіны?


–  Мне вельмі спадабаўся ў Гватэмале рэгіён Пэтэн, на паўвыспе Мактан. Там  вельмі спецыфічная экасістэма.

 

У гэты рэгіён нельга ўвозіць некаторыя фрукты: манга, ананас і іншыя. Гэта зроблена для абароны біяразнастайнасці рэгіёна, бо нельга яе змешваць з іншымі відамі.

 

Падобная сітуацыя на выспах Галапагос (Эквадор), пры наведванні якіх у цябе ачышчюць абутак, каб ты не прывёз з сабой насенне іншых раслін.

 

Нарвегія падаецца краінай чыстай і экалагічнай. Там развітая нафтавая  прамысловасць, але пры гэтым нарвежцы не забруджваюць у такой ступені ассяроддзе, як Расія, ЗША і некаторыя іншыя краіны.

Гэта адзіны станоўчы еўрапейскі прыклад?


– Хіба так. Да таго ж Нарвегія мае канкрэтныя праграмы фінансавай падтрымкі экалагічных праектаў, у якіх могуць удзельнічаць і прадстаўнікі іншых краін.

 

Можна згадаць таксама Швецыю, якая вельмі добра працуе над аховай Балтыйскага мора.

 

Ці знаёмая ты з працай беларускіх экалагічных арганізацый?


– Не, на жаль. Аднойчы толькі давялося пазнаёміцца з хлопцам – арнітолагам.

 

Ці можа гэта значыць, што беларускі экалагічны рух пакуль слабы?


– Я ведаю, што ёсць праекты на трансгранічным узроўні па ахове Белавежскай Пушчы. На думку польскіх экалагічных арганізацый Беларусь лепш зберагае сваю частку пушчы, чым Польшча.

 

З чаго трэба пачынаць вырашаць экалагічныя праблемы ў сваёй мясцовасці?


– Першае, што трэба рабіць – уздымаць узровень экалагічнай адукцыі і свядомасці.

 

Бо калі чалавек выкідае смецце і не ведае, што адкіды трапляюць у зямлю і ў ваду, якую ён п’е –  ён не бачыць у гэтым негатыўных наступстваў.

Людзі, якія ўсведамляюць сэнс і маштаб экалагічных праблем, больш актыўна далучаюцца да працы ў мясцовых супольнасцях, бо разумеюць, што вырашэнне экалагічных праблем – гэта не абстрактная далёкая ідэя, а тое, што тычыцца іх уласнага здароўя і здароўя іх дзяцей.

 

Фота аўтара

Карыкатура Алега Гуцола