Гродзенскі гарбарны завод шукае інвестараў у Турцыі, Італіі, Гішпаніі
Паводле прэс-сакратара канцэрна “Беллегпрам” Таццяны Пышкала, кіраўніцтва прадпрыемства ў складзе дэлегацыі канцэрна днямі наведаюць Турцыю, Італію, Гішпанію ў пошуках патэнцыйнага спонсара для новага будаўніцтва.
21 верасня прадстаўнікі Гродзенскага гарбарнага завода прынялі ўдзел у буйной выставе ткацкіх і швачных тэхналогій у Барселоне.
Дэлегацыя плануе правесці перамовы з дырэктарам асацыяцыі па Усходняй Еўропе і СНД па вырабе абсталявання і па магчымасці фінансавання будаўніцтва новага гарбарнага завода.
Участак пад будаўніцтва плошчай 5 гектараў адведзены ва ўсходняй прамысловай зоне Гродна.
Праект прадугледжвае стварэнне вытворчага комплекса з ачыстнымі збудаваннямі, які забяспечыць поўны цыкл выпрацоўкі скураных вырабаў.
Па некаторых звестках, агульны кошт праекта – 46 мільёнаў долараў ЗША, аднак на прадпрыемстве гэтую суму не пацвердзілі.