Сваякі расстраляных гродзенцаў атрымаюць пасведчанні аб іх смерці
Пра гэта каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэю Палуду паведамілі родныя асуджаных да пакарання смерцю.
Нагадаем, што Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка 14 мая 2010 года былі прысуджаныя да смяротнага пакарання праз расстрэл за злачынствы, здзейсненыя падчас узброенага нападу на кватэру ў Гродне ў кастрычніку 2009 года.
Абодва мужчыны былі прызнаныя вінаватымі ў наўмысным забойстве, разбоі, падпале, выкраданні непаўналетняга, крадзяжы і рабаўніцтве.
Дакладная дата выканання прысуду дагэтуль была невядомая.
25 ліпеня 2011 года маці аднаго з растраляных наведала мінскі следчы ізалятар № 1, дзе асуджаныя да смерці ўтрымліваліся пад вартай.
Начальнік СІЗА пацвердзіў выкананне прысуду, жанчыне выдалі рэчы сына.
Відавочна, разам з Андрэем Бурдыкам быў пазбаўлены жыцця і Алег Грышкаўцоў, бо абодва былі асуджаныя ў межах адной крымінальнай справы.
Растрэл, меркавана, адбыўся ў перыяд з 11 па 19 ліпеня.
Пасля вынясення прыгавору асуджаныя напісалі просьбу аб памілаванні на імя прэзідэнта, але атрымалі адмову.
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прыгаворы.
Мараторый на смяротную кару з’яўляецца адной з асноўных умоў вяртання беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.