Прадстаўнікі грамадскасці: пагадненне аб будаўніцтве АЭС – сумнеўная здзелка
Сёння ўдзельнікі Беларускай антыядзернай кампаніі і больш за 50 прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый, палітычных партый і ініцыятыў Расіі і Беларусі распаўсюдзілі тэкст Адкрытага звароту.
На думку падпісантаў, кантрактнае пагадненне мае характар сумнеўнай здзелкі, падпісана без уліку думкі грамадскасці, у абыход беларускага і міжнароднага заканадаўстваў.
Падпісанты заклікалі Міністра Фінансаў і Міністра замежных справаў Расійскай Федэрацыі да асабістай адказнасці, запатрабаваўшы не прымаць рашэння аб фінансаванні будаўніцтва беларускай АЭС, спыніць удзел у ім Атамбудэкспарта і дачакацца завяршэння міжнародных разбіральніцтваў.
Таццяна Новікава, адказны сакратар грамадскай экалагічнай экспертызы праекта беларускай АЭС:
–Падпісанае ўчора кантрактнае пагадненне – гэта не кантракт.
Гэта нейкі рамкавы дакумент з няпэўным юрыдычным статусам і падрыхтаваны атамшчыкамі для прасоўвання крэдытнага пагаднення і Генеральнага кантракта, якія яшчэ не падрыхтаваныя.
Кантрактнае пагадненне вызначае выбар праекта АЭС-2006 для беларускай АЭС.
На думку Новікавай, “гэта супярэчыць дзейсным у Беларусі нормам – імпартуемы праект павінны паспяхова сябе зарэкамендаваць цягам некалькіх гадоў працы.
Аднак АЭС-2006 – гэта эксперыментальны праект.
Ён не быў рэалізаваны нідзе і ніколі, а будаўніцтва ЛАЭС-2 па гэтым праекце сябе ўжо паказала, калі абваліўся жалезабетонны кантаймент.
Гэты хвалёны элемент павышанай бяспекі стаў крыніцай сур’ёзнага інцыдэнта, – зазначае Новікава.
Поўны тэкст звароту – у далучаным файле.