Беларускія ўлады пачалі перадпродажную падрыхтоўку ААТ “Гродна Азот”
Так, указам №482 ад 24 кастрычніка экспарт азотных угнаенняў ААТ “Гродна Азот” выведзены з вядомай схемы рэалізацыі дзяржавай выключнага права на экспарт угнаенняў праз ЗАТ “Беларуская калійная кампанія”.
Акрамя таго, дакументам адменена свайго роду ільгота, якая дазваляла рабіць разлікі за азотныя ўгнаенні паміж рэзідэнтамі РБ у замежнай валюце.
У кастрычніку А.Лукашэнка на сустрэчы з главой Газпраму прапанаваў А.Міллеру разгледзіць магчымасць набыцця ААТ “Гродна Азот”.
У сваю чаргу сёння глава ААТ “Банк ВТБ” Андрэй Косцін на сустрэчы, зноў жа, з Лукашэнкам праявіў інтарэс да беларускай нафтахіміі.
Летам стала вядома, што найбуйнейшае гарадзенскае прадпрыемства фігуравала ў спісе беларускіх кампаній, якія могуць быць прыватызаваныя інвестарамі з Расіі.
У перамовах наконт магчымай прыватызацыі “Азота” нібыта ўдзельнічалі буйныя расійскія канцэрны “Роснефть” і “СИБУР Холдинг”.
Кіраўніцтва абодвух канцэрнаў тады абвергла гэтую інфармацыю.
У верасні ААТ “Гродна Азот” рэарганізаваны праз далучэнне ААТ “Гродна Хімвалакно”.