Каб студэнты пабачылі Нёман
У канферэнцыі бралі удзел не толькі навукоўцы з Беларусі і Польшчы, але таксама іх калегі з Расіі, Украіны, Туркменістана і Казахстана.
Тэмы дакладаў тычыліся рознабаковых аспектаў сучаснага развіцця біясферы.
alt=”Image 17383″ >
Былі закранутыя праблемы удасканалення метадаў экалагічнага маніторынгу, захавання біяразнастайнасці, уплыву навакольнага асяроддзя на біялагічную актыўнасць арганізмаў, а таксама абмяркоўваліся пытанні экалагічнай адукацыі.
Напрыклад, сябры ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” з Гродзеншчыны ўпершыню зарэгістравалі ў даліне Свіслачы (в. Літвінкі) гнездаванне шчуркі-пчалаедкі – птушкі, занесенай у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь III катэгорыі аховы.
Вось такая птушка была ўпершыню выяўлена на Гродзеншчыне
– Канферэнцыя – выдатная магчымасць сустрэцца людзям, якія не толькі цікавяцца станам навакольнага асяроддзя і праблемамі захавання відавой разнастайнасці, але таксама шукаюць дзейсныя метады змяншэння ўплыву неспрыяльных фактараў на экасістэмы і павышэння іх устойлівасці, – кажа Ніна Кануннікава, арганізатарка канферэнцыі, доктар біялагічных навук, загадчыца кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл факультэта біялогіі і экалогіі ГрДзУ.
Гэта таксама добрая магчымасць для абмену поглядамі, параўнання і суаднясення накірункаў экалагічнага руху ў нашай краіне з агульнасусветнымі тэндэнцыямі, – лічыць дацэнт кафедры экалогіі ГрДзУ Валянцін Лучко.
– Для моладзі жа – гэта яшчэ і магчымасць навучыцца свабодна выказваць і абгрунтоўваць сваю думку, ды пачуць добрую параду падчас дыскусіі – дадае ён.
Вялікі патэнцыял канферэнцыі як пляцоўкі для ўстанаўлення новых навуковых стасункаў, абшараў супрацоўніцтва і праграм па абмене студэнтамі адзначыў загадчык кафедры заалогіі Паморскай акадэміі (г. Слупск, Польшча), выхадзец з Беларусі, прафесар Алег Александровіч (на здымку).
– Хачу, каб польскія студэнты пабачылі Нёман! – прызнаўся польскі прафесар.
Здымкі аўтара