Чацвёрты “Гарадзенскі палімпсест” адбыўся
Першапачаткова планавалася правесці канферэнцыю ў будынку Беларускага інстытута правазнаўства, аднак перад мерапрыемствам ў будынку інстытута арганізатарам адмовілі. У выніку канферэнцыя адбылася традыцыйна па Будзёнага 48а. З чым гэта звязана, падзялілася меркаваннем адна з удзельніц канферэнцыі Наталля Сліж:
– Гэта было выклікана забаронай правядзення “Гарадзенскага палімпсесту” мясцовымі чыноўнікамі. З чым гэта звязана, я не ведаю, мы разглядаем толькі гістарычныя пытанні.
Сярод удзельнікаў канферэнцыі прысутнічалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, Ігар Трусаў, Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч, дырэктар Гродзенскага філіяла Беларускага інстытута правазнаўства, кандыдат юрыдычных навук Віталь Пракопік і інш. Аднак не аказалася ніводнага студэнта гістфаку купалаўскага ўніверсітэта, на што арганізатары таксама звярнулі ўвагу.
(Для даведкі: факультэт гісторыі і сацыялогіі ГрДзУ імя Я. Купалы налічвае каля 900 студэнтаў).
Агульная колькасць удзельнікаў і слухачоў чацвёртага “Гарадзенскага палімпсесту” вагалася ад 15 да 30 чалавек.
Канферэнцыя працягвалася два дні і складалася з чатырох паседжанняў. Рэгламент выступа складаў 15 хвілін. У секцыях удзельнічалі госці з іншых гарадоў Беларусі, з Расіі і Польшчы.
Навукоўцы падрыхтавалі даклады па гісторыі Гродна перыяду 15 – 20 стст. З даследаваннем гісторыі сярэднявечнага Гродна на тэрыторыі сучаснай Беларусі ёсць цяжкасці: дакументы Літоўскай метрыкі практычна не захаваныя ў архівах Беларусі. Па розных абставінах дакументы перавезены ў архівы Масквы, Варшавы, Кракава, Вільні. Напрыклад, польскі прафесар Марыюш Савіцкі знайшоў цікавы дакумент у Кракаўскім архіве – “Дзённік Станіслава Радзівіла”, у якім апісваецца дзейнасць гэтага палітычнага дзеяча на тэрыторыі Гродзенскага ваяводства з 1688 па 1713 год.
Гісторык з Масквы Андрэй Кузьмін выступіў з дакладам “Рукапісная кніга “Слова Грыгорыя Багослова” і яе ўладальнікі ў 16 стагоддзі”. У гэтай крыніцы апісваецца міграцыя Бранскіх баяр, князей падчас войнаў Княства Літоўскага з княствам Маскоўскім, частка якіх асела на тэрыторыі Гарадзенскага ваяводства.
З недаследаванай дагэтуль тэмай “Горад і прастытуцыя: з гісторыі паўсядзённасці Гародні (19 – пач. 20 ст.)” выступіла мінскі даследчык Таццяна Вароніч. У дакладзе распавядаецца аб легалізацыі прастытуцыі, дзе размяшчаліся і якая была колькасць бардэляў, падаюцца нацыянальны склад, узрост і веравызнанне прастытутак.
Усе даклады пасля дапрацоўкі увойдуць у чарговы навуковы зборнік ‘’Гарадзенскага палімпсесту’, які ўбачыць свет на пачатку наступнага года. Дагэтуль выйшлі два зборнікі палімпсеста.
Таксама на канферэнцыі была прэзентавана кніга нямецкага журналіста Увэ Рада “Галасы Панямоння. Гісторыя, культура, лёс аднаго еўрапейскага абшару”. Гэтая кніга перакладзена з нямецкай мовы на польскую, літоўскую і беларускую мовы. У ёй апісваецца падарожжа ўздоўж адной з еўрапейскіх рэк – ад старажытнасці да нашых дзён. Цікава, што рэгіён Панямоння аўтар з Нямеччыны апісаў, лічачы яго спадчынай немцаў.
Праект “Гарадзенскі палімпсест” нарадзіўся ў супрацьстаянні гарадзенскай інтэлігенцыі падчас гэтак званай рэканструкцыі гістарычнага цэнтра, калі, на думку гісторыкаў, была знішчана гісторыка-культурная аўтэнтычнасць горада.
У прадмове да другога выдання кнігі “Гарадзенскі палімпсест” аўтары растлумачылі, чаму менавіта была абрана назва “палімпсест”. Мінулае горада над Нёманам нагадвае новыя тэксты, якія пішуца на вынішчаных старонках гісторыі. Задача даследчыкаў – прачытаць гэтыя знішчыныя часам і чужымі для горада адміністратарамі старонкі мінулага і вярнуць іх у культурнае жыццё сучасных гарадзенцаў.
З грэцкай мовы ‘палімпсест’ азначае саскроблены – гэта помнік пісьменнасці, з якога першапачатковы тэкст сціраўся і замяняўся новым. Г эта было звязана з-за вялікіх коштаў на пергамент, які ўжываўся на тэрыторыі сярэднявечнай Еўропы.
Упершыню канферэнцыя была праведзена ўвосень 2008 года.
Здымак www.euroradio.fm