Таленавітай моладзі цесна ў малых гарадах
Ашмяны – райцэнтр на паўночным усходзе Гарадзенскай вобласці. Ад яго 220 кіламетраў да Гродна і 120 – да Мінску. Жыхароў – каля 14,8 тыс. чалавек. Тыповы правінцыйны гарадок з выканкамам, касцёлам, кінатэатрам, які школьнікі наведваюць “арганізавана”, Домам Піянераў, ды невялікай колькасцю нядаўна адчыненых індывідуальнымі прадпрымальнікамі кавярняў.
Што патрэбна для таго, каб разумнае, таленавітае дзіця з такога гарадка магло праявіць свае здольнасці і адаптавацца ў грамадстве?
Ці маюцца роўныя магчымасці ў дзяцей з вялікіх гарадоў і з невялічкіх гарадкоў ды вёсак? Ці здольны выпускнікі сельскіх школ канкураваць з выпускнікамі гарадскіх хаця б за тое ж паступленне ў прэстыжныя ВНУ?
Шукаць адказы на гэтыя пытанні мне дапамаглі выпускніцы Ашмянскай сярэдняй школы №1 (на здымку вышэй).
Юлія Яшэўская, студэнтка факультэта журналістыкі, БДУ:
– Мне заўжды было цесна ў Ашмянах. Хацелася хадзіць у тэатр, кіно, на выставы, у філармонію, а магчымасці амаль не было. Таму ўжо з чатырнаццаці год мяне цягнула да гарадоў, якія маглі б мяне ў гэтым забяспечыць.
З пятнаццаці я вызначылася з прафесіяй – журналістыкай і пачала супрацоўнічаць з раённай газетай. Паступаць у БДУ вельмі баялася: высокія балы, сур’ёзны конкурс і шмат таленавітых абітурыентаў-канкурэнтаў.
Але хацелася аддзячыць бацькам за маё выхаванне, паказаць, што я ўжо больш-менш самастойны чалавек і нешта магу ў гэтым жыцці, таму паехала на іспыты ў Мінск.
Я добра ўсведамляла, што, калі жадаю атрымаць ад гэтага жыцця тое, што хачу, спачатку прыйдзецца шмат папрацаваць. А працаваць я была гатовая.
Яна Башлыкевіч, студэнтка факультэта міжнародных адносін, стараста групы, БДУ:
– Пачалося са старэйшых класаў школы.
Дзякуючы падтрымцы настаўнікаў і бацькоў няцяжка было правільна размеркаваць прыярытэты, сярод якіх на першым месцы апынуліся вучоба і паступленне ва ўніверсітэт.
Пра тое ж марылі і мае сябры.
Такім чынам, паступленне ў ВНУ і пакіданне роднага гораду стала нібыта агульнай мэтай для нашай невялікай кампаніі.
Ужо потым, навучаючыся ў Ліцэі БДУ, я зразумела, што, калі працягваць далейшую адукацыю, то толькі на прэстыжным факультэце і толькі ў лепшай ВНУ ў краіне.
Дзякуючы плённай працы, стараннаму навучанню і адказнасці я здзейсніла сваю мару.
Святлана Вайшнаровіч, факультэт права, БДЭУ:
– Я ніколі не думала, што буду юрыстам, але зараз не шкадую аб сваім выбары.
Каб паступіць на жадаемую спецыяльнасць, я прыклала нямала намаганняў.
Я ведала, што мне гэта патрэбна. Было велькае жаданне паступіць і я дасягнула сваёй мэты – з’яўляюся студэнткай адной з самых прэстыжных ВНУ краіны.
Мая мара зараз – у маіх руках. Лічу, што для дасягнення нечага ў жыцці, патрэбна жаданне і імкненне.
Ілона Адамовіч, студэнтка лячэбнага факультэта, ГрДзМУ:
– Маёй мэтай і марай заўсёды было паступленне ў медыцынскі ўніверсітэт.
Тое, што гэта будзе менавіта медыцынскі ўніверсітэт, я вырашыла хутка. Але на пытанне “Як гэта зрабіць?” спачатку адказу не было. Мне давялося паспрабаваць усяго па троху: рэпетытарства, факультатывы, падрыхтоўка да алімпіяд. Рэпетытарства было звязана з паездкамі і займала шмат часу.
Таму я вырашыла заняцца самападрыхтоўкай, толькі перыядычна кансультуючыся з выкладчыкамі. Але такі варыянт падыходзіць толькі мэтанакіраваным людзям.
Не кожны здольны арганізаваць самастойна свой занятак. Хачу параіць: будзьце ўпэўнены ў сабе і ў сваіх здольнасцях; мэтанакіравана працуйце, прыкладваючы ўсе намаганні, не забываючыся, канешне, на адпачынак і тады – ўсё павінна атрымацца!
Атрымліваецца, што самае галоўнае для дасягнення мар – гэта моцная матывацыя да развіцця і жыццёвага вызначэння. А таксама – плённая праца ў абраным накірунку, уменне атрымліваць неабходныя веды ў школе. І тады не мае вялікага значэння, дзе вы нарадзіліся. Важна толькі тое, што вы зрабілі, каб пабудаваць свой лёс.