Калядныя паштоўкі на карысць хворых дзяцей

|

Мэта акцыі “Калядныя паштоўкі на карысць хворых дзяцей” – сабраць сродкі на падарункі дзецям да Дня інваліда, які адзначаецца 2 снежня, а таксама набыць гульні і канцтавары для дзяцей з асаблівымі патрэбамі.

 

Гэтымі дзецьмі валанцёры апякуюцца цягам двух гадоў.

Грошы на бягучыя патрэбы звычайна ахвяруюць самі.

 

Душпастыр гродзенскіх грэка-католікаў а.Андрэй Крот:

 

Мы ў парафіі і сярод валанцёраў часта збіраем грошы на дабрачынныя мэты, людзі ў нас ахвярныя, але іх мажлівасці абмежаваныя.

Праз акцыю з паштоўкамі мы хочам прыцягнуць да дабрачыннасці і дапамогі дзецям-інвалідам больш шырокае кола людзей.

 

 

Вольга, адна з валанцёрак:

Паштоўкі робім з таго, што ёсць пад рукамі: фальга ад цукерак, шпалеры, упакоўка ад кветак, выразкі з часопісаў, гузікі, стужкі і карункі.


Нешта выдумляем “з галавы”, нешта падглядаем у інтэрнэце – кожная паштоўка атрымліваецца ўнікальная.


Такім чынам мы не толькі збіраем грошы для дапамогі хворым дзецям,

але і вучымся рабіць прыгожыя рэчы.

Айцец Андрэй:

 

З матэрыяламі для паштовак дапамагаюць парафіяне, прыносяць “усё, што блішчыць”.

Адна дзяўчына прывезла з Беластоку прыгожую паперу, трафарэты.

Нешта давялося набыць.

 


Агульнымі намаганнямі зроблена каля 120 паштовак, і праца працягваецца.

Каля 40 паштовак ужо разышліся.


Калі нехта хоча далучыцца да іх вырабу – будзем рады, прыходзьце.


 

alt=”Image 17709″ >

 

Скласці ў скарбонку ахвяраванні на карысць хворых дзяцей і выбраць сабе паштоўку можна ў грэка-каталіцкай капліцы (на Дзевятоўцы, вуліца Курчатава каля польскай школы) пасля нядзельнай літургіі (у 11-11.30) альбо пасля будзённых службаў.

 

Збор сродкаў працягнецца да самага свята Божага Нараджэння.

 

 

Хрысціянскі валанцёрскі Рух св. Мікалая паўстаў у 2007 годзе.

З 2009 году дзейнічае пры гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі.

Рух экуменічны і незалежна ад канфесійнай прыналежнасці яднае людзей добрай волі, якія хочуць бескарысліва дапамагаць тым, хто ў патрэбе.