У Гродне будуецца комплекс для зімовага адпачынку

|

Дарожна-будаўнічы трэст №6, уласнік праекта, прытрымліваецца канцэпцыі бюджэтнага адпачынку для ўсёй сям’і, распавёў адзін з працаўнікоў трэста. Цэнтральнымі аб’ектамі стануць дзве трасы з перападам вышынь да 25 метраў. Шырокая і спадзістая прагулачная лыжня для пачынаючых катацца працягнецца на 450 метраў. Другая, складаная і звілістая, для сноўбардзістаў, плануецца даўжынёй у 300 метраў.

 

Агульная плошча комплекса складзе 2 га.

 

У праекце запланаваны цюбінг – траса для аматараў катання на гумовых покрыўках. Для дзяцей будзе пабудавана санная траса. На тэрыторыі будзе знаходзіцца асобная прагулачная лыжаролерная траса, пляцоўка для пэйнтболу, траса для язды на квадрацыклах.

 

Адпачыць можна будзе ў будынку пункта пракату ці ў асобных альтанках.

 

Будаўніцтва прамой дарогі пачнецца ў хуткім часе. Яна абміне в. Каробчыцы і скончыцца на мяжы з Польшай. Гараджане змогуць трапіць на месца зімовых забаваў на спецыяльных рэйсавых аўтобусах.

 

Першых наведвальнікаў комплекс зможа сустрэць у лепшым выпадку праз два гады. Зараз будаўнікі насыпаюць грунт, якога падвезлі ўжо каля 40 тон. Вяршыню трасы ўжо паднялі на два метры. Плануецца завезці яшчэ 50 тон.

 

Пасля пабудовы комплекс будзе знаходзіцца на балансе дарожна-будаўнічага трэста. Не выключаецца магчымасць, што комплекс пасля перададуць ва ўласнасць горада.