Расіяне атрымліваюць польскія шэнгенскія візы прасцей, танней і хутчэй, чым беларусы

|

Грамадзяне Расіі, якія хочуць наведаць Польшчу ў турыстычных мэтах і ўжо маюць дзве правільна выкарыстаныя шэнгенскія візы, могуць прэтэндаваць на афармленне шматразовай візы з тэрмінам дзеяння да 5 гадоў.

 

Да гэтай пары польскія шэнгенскія візы выдавалісь расіянам, як і беларусам, на тэрмін не большы за год, турыстычныя – на меншы тэрмін, у залежнасці ад тура.

 

Польшча пайшла насустрач Расійскаму саюзу туріндустрыі, які скардзіўся на чэргі ў польскае консульства і фактычную адсутнасць магчымасці турфірмам атрымаць візы для сваіх кліентаў у тэрмін.

 

Сітуацыя з беларускімі заяўнікамі ў польскіх консульствах Мінска, Гродна і Брэста ў цэлым нагадвае расійскую, аднак для беларусаў практычна ніякіх саступак няма.

 

Стандартны тэрмін дзеяння візы, на які могуць прэтэндаваць турысты з Беларусі – 30 календарных дзён. У рэдкіх выпадках, калі працяг тура перавышае гэты тэрмін, ён можа быць даўжэйшы. Да ўсяго, з турыстычнай мэтай у беларускіх консульствах Польшчы можна атрымаць толькі аднаразовую візу.

 

Дакументы расіян, дзякуючы пагадненню паміж Расіяй і Еўрасаюзам аб спрошчанай сістэме выдачы віз, консульства шэнгенскіх краін разглядаюць максімум 10 дзён, заявы беларусаў еўрапейскія пасольствы вывучаюць усе 15.

 

Велічыня консульскага збору за разгляд дакументаў на афармленне шэнгенскай візы для расіян складае 35 еўра, для грамадзян Беларусі – 60.