Партнёрскія роды: выпрабаванне для смелых татаў

Нямногія мужчыны гатовыя дапамагаць сваім цяжарным жонкам падчас родаў. Яны лічаць, што гэта выключна жаночая справа. Аднак знаходзяцца тыя смельчакі, якія гатовыя падтрымаць сваю каханую ў такі цяжкі час, як цяжарнасць і роды.

 

Алена Карась – урач-тэрапеўт жаночай кансультацыі №2, якая чатыры гады праводзіць заняткі для тых пар, якія вырашылі нараджаць разам. За гэты час на месяц прыходзіла ў сярэднім 3-4 пары. Некаторыя прыходзяць у другі ці нават трэці раз. Сп. Алена распавяла, як адбываецца працэс падрыхтоўкі да партнёрскіх родаў.

 

align=”left” alt=”Image 18264″ width=”337″ height=”444″ >- З чаго складаецца курс падрыхтоўкі пары да партнёрскіх родаў?

 

Праграма складаецца з пяці заняткаў, – гаворыць Алена Генадзьеўна і паказвае вялікую чырвоную папку з ілюстрацыямі. – Але здараеца, бацькі даволі доўга вырашаюць, прыходзяць на позніх тэрмінах цяжарнасці – на 37-38 тыдні. Тады яны не паспяваюць прайсці ўсе заняткі, таму мы ім прапануем наведаць мінімум два. Акрамя нашай кансультацыі падобныя курсы ёсць ў шпіталі хуткай дапамогі і ў абласной радзільні. Кожная пара пасля сканчэння курсаў атрымлівае адпаведны сертыфікат. Ён з’яўляецца пасведчаннем аб навучанні і неабходны, каб потым бацьку дазволілі прысутнічаць пры родах.

 

Як звычайна ставяцца вашыя калегі да ідэі партнёрскіх родаў?

 

Звычайна негатыўна. Наогул, большасць людзей, з якімі я размаўляла, не падтрымліваюць гэтую ідэю. Урачам, як яны кажуць, бацькі падчас родаў толькі перашкаджаюць.

 

Чаму некаторыя жанчыны вырашаюць узяць с сабой партнёра?

 

Некаторыя кажуць: “Я без мужа зусім нікуды!” Некаторыя спадзяюцца, што калі муж убачыць, як ім цяжка, то будзе больш спачуваць.

 

Каго яшчэ, акрамя бацькі, вы рыхтавалі ў якаcці партнёра?

 

Некалькі разоў на народзінах прысутнічала сястра, мама ці свякроў. Але ў большасці выпадкаў гэта ўсё ж такі муж. Здзіўляе тое, што нават маці не заўсёды гатовая падтрымаць сваю дачку, бо, як яны кажуць, “у мамы слабыя нервы”.

 

Як мужчына можа дапамагчы жанчыне яшчэ да пачатку родаў?

 

Ён можа сачыць, каб яна вучылася правільна дыхаць, не ленавалася і рабіла зарадку. Займацца выхаваннем дзіцяці трэба пачынаць таксама яшчэ да народзінаў. Гэта называецца прэнатальнае выхаванне – цяжарная жанчына слухае спецыяльную музыку ці глядзіць пэўныя праграмы па тэлэвізары, і гэта спрыяе развіццю дзіцяці.

 

Што трэба зрабіць тым парам, якія ўжо вырашылі нараджаць разам?

 

Бацьку трэба мець даведку ад тэрапеўта і вынікі флюараграфіі. Трэба наведваць курсы па падрыхтоўцы і мець сертыфікат. Таксама трэба ў радзільні аплаціць асабістую перадродавую залу, асабістую радзільную палату і спецыяльнае адзенне для мужа, плюс дадатковыя паслугі ўрача.

 

У інтэрнэце можна знайсці інфармацыю статыстаў, якія сцвярджаюць, што ў тых параў, якія нараджалі разам, большы працэнт разводаў. Як вы да гэтага ставіцеся?

 

Менавіта наконт разводаў цяжка сказаць. Канешне, я папярэджваю пра магчымасць негатыўных наступстваў – палавыя парушэнні, стрэс. На ўсялякі выпадак я раю, каб бацька не ўваходзіў у радзільную залу. Але ў асноўным, калі яны ўжо вырашылі, то застаюцца са сваёй жонкай да апошняга. І трэба сказаць, ужо пасля ўсе пары вельмі шчаслівыя. Звычайна толькі цікавыя і неардынарныя пары пагаджаюцца на такое. Негатыўныя наступствы могуць быць ў тых, хто быў непадрыхтаваны і пайшоў, не разумеючы, што яго чакае.

 

Самі жанчыны таксама па-рознаму ставяцца да ідэі партнёрскіх родаў. Вось якія меркаванні можна пачуць:

 

Ірына: Я абсалютна нармальна стаўлюся да такой ідэі. Але калісьці мой муж адмовіўся. Ён баяўся, ды і многія мужчыны баяцца. Некаторыя нават губляюць прытомнасць.

 

Наталля: Калі муж прысутнічае пры родах, то ў яго зусім іншыя адносіны да жонкі. У мяне ёсць ужо дарослы сын. Калі яго жонка будзе нараджаць, я буду заахвочваць яго прысутнічаць пры родах.

 

Вольга: Я супраць. Калі мужчына ўбачыць, як гэта балюча, то можа нават пачаць дрэнна ставіцца да дзіцяці. Гэта толькі жаночая справа.

 

Жанна: У мяне ўжо ёсць дзіця, я ведаю, што такое роды. Гэта цяжкае відовішча, і мужчыне там няма чаго рабіць. Ён можа дапамагаць толькі на самым пачатковым этапе, не больш.

 

Кацярына: Я б не пагадзілася. Гэта занадта вялікі стрэс для мужчыны.

 

А як да ідэі сумесных родаў ставяцца мужчыны?

 

Можа быць, у мяне і састарэлыя погляды, але я лічу, што гэта інтымная справа. У мяне двое дзяцей, у свой час я проста стаяў пад вокнамі і чакаў.

 

Я бы не пагадзіўся прысутнічаць. Я не ўпэўнены, што вытрымаў бы.

 

Ганна и Дзіма яшчэ вырашаюць, ці нараджаць разам. Таму пакуль толькі вырашылі наведваць заняткі па падрыхтоўцы.

 

 

Гэта мая ініцыятыва, мне страшна адной, – гаворыць Ганна. – Але і падчас цяжарнасці муж можа дапамагаць мне. Каб даведацца больш, мы вырашылі наведваць курсы.

 

Я пакуль дакладна не ўпэўнены, ці буду прысутнічаць на саміх родах, – кажа Дзіма. – Думаю, не вельмі камфортна буду адчуваць сябе ў такіх абставінах.

 

А вось Сяргей і Лена ўжо двойчы нараджалі разам. Зараз яны чакаюць ужо трэцяе дзіця, Сяргей кажа, што абавязкова будзе прысутнічаць на родах.

 

Сяргей: – Калі мы чакалі наша першае дзіця, мы цікавіліся, чым харчавацца будучай маці, што трэба набыць загадзя, а таксама, як адбываюцца самі роды. З некаторых замежных часопісаў мы даведаліся пра традыцыйныя партнёрскія роды за мяжой, і калі зразумелі, што на Беларусі гэта таксама магчыма, то вырашылі паспрабаваць. Мне хацелася быць з маёй каханай падчас гэтага цяжкага этапа яе жыцця і ўбачыць таго, каго мы так доўга чакалі. У мяне не было страху, я падтрымліваў жонку і маральна, і фізічна. Дагэтуль мы разам прачыталі шмат кніг і часопісаў, наведвалі курсы.

 

Лена: – Спачатку я адчувала сябе неяк няёмка. Але падчас родаў прысутнасць мужа была для мяне вялікай падтрымкай. Таксама гэта адбілася і на адносінах да мяне медперсанала. Яшчэ сумесныя роды больш зблізілі нашу сям’ю.

 

Што вы можаце параіць тым парам, якія толькі вырашаюць, ці нараджаць разам?

 

Многае, канешне, залежыць ад традыцый, культуры і выхавання ў сям’і. Але калі вы давяраеце адзін аднаму і можаце разлічваць на падтрымку мужа, то партнёрскія роды будуць вельмі важнай падзеяй для абодвух. Галоўнае, каб жаданне нараджаць разам было ўзаемным.

 

Галоўны на здымак – www.roditelstvo.info