Гродна супраць Краснадара: лідскія нататкі

Супернікам “Камунальніка” у другім раўндзе Еўрапейскага Кубка (Challenge Cup) было краснадарскае “Дынама” . У першай сустрэчы каманд у Расіі гарадзенцы саступілі з лікам 1-3. Для таго, каб прайсці ў наступны раўнд, “Камунальніку” трэба было перамагаць на сваёй пляцоўцы з любым лікам, а таксама разлічваць на перамогу ў “залатой партыі” (гуляецца ў выпадку, калі каманды абмяняліся перамогамі).

 

…За 2,5 гадзіны да гульні з гарадзенскага аўтавакзалу адпраўляецца вялікі новы аўтобус , які вязе ў Ліду суддзяў і заўзятараў “Камунальніка”. Большую частку з тых, хто едзе падтрымаць каманду, складаюць мужчыны ва ўзросце за 40 гадоў.

Многія з іх самі гулялі і гуляюць у валейбол. Таму ўсю дарогу ў аўтобусе гучаць самыя розныя валейбольныя гісторыі.

 

На месцы мы былі за гадзіну да пачатка гульні. Выходзім насупраць спартыўнага комплекса “Алімпія”. Па памерах і абсталяванні комплекс уражвае. У Гродна няма ніводнага такога зала для гандболу, баскетболу і валейболу.

Спартовая зала “Вікторыя” на вул. Гагарына ўжо даўно не адпавядае патрабаванням турніраў высокага ўзроўня, на якія гарадзенскія каманды трапяць рэгулярна. Вось і даводзіцца выкарыстоўваць пляцоўку ў Лідзе.

У самім спарткомплексе кідаецца ў вочы вялікая колькасць абслугоўваючага персаналу, міліцыі. Стражы парадку забаранілі прадаваць алкагольныя напіткі ў буфеце, што выклікае негатыўныю крытыку з боку заўзятараў.

Гучна грае музыка. Зала добра асветленая, вялікія трыбуны, на якія можна патрапіць праз некалькі уваходаў і выхадаў.

 

Арганізацыя гульні спачатку прыемна здзівіла.

Адшукаць месца на трыбунах дапамагалі добраапранутыя людзі, яны ж і не пускалі блізка да гульнявой пляцоўкі. У перыпынках заўзятараў забаўлялі танцамі каля 20 дзяўчынак, а за пляцоўкай сядзелі людзі, якіе падавалі гульцам мячыкі.

Потым, аднак, з’явілася адчуванне, што абслугоўваючы гульню персанал не зусім ведае, што яму трэба рабіць.

Мячыкі затрымліваліся, людзі, якія павінны адказываць за сухасць падлогі на пляцоўцы, проста назіралі за гульнёй, нібы спалі.

 

Затое трыбуны не падкачалі: шумна рэагавалі на кожнае ўдалае дзеянне, кожны выйграны мяч. Свабодных месцаў амаль што не было.

Беларусы чакалі перамогі “Камунальніка”.

 

Гульню гарадзенцы пачалі ўпэўнена. Але потым пад націскам моцных падач “Дынама” пачаў выходзіць са строю прыём і даводка мяча. Першую партыю гарадзенцы адалі з лікам 17:25.

Другая партыя таксама засталася за расіянамі – 25:17. Трыбуны не пераставалі падтрымліваць гаспадароў, скандавалі “Беларусь”. Дэбют трэцяй партыі зноў быў за “дынамаўцамі” – 5:0.

З’явілася адчуванне, што гарадзенская каманда эмацыйна зламалася.

Вынік – 12:25 у трэцяй партыі і 0:3 па выніках матча.

 

Некаторыя з гульцоў “Камунальніка” ад каментароў адмовіліся.

Галоўны трэнер гарадзенскай каманды Віктар Бекша назваў наступныя прычыны паразы:

– Былі праблемы з прыёмам, даводкай, не “паляцела” падача. “Дынама” добра давадзілі і разрывалі нас на сетцы. Спачатку атака ў нас добра атрымлівалася, але потым з нашай недаводкай разладзілася. Расіяне ставілі нам вельмі добры блок, там высокія блакуючы, нападнікі. Нашым нападнікам было цяжка з імі змагацца.

 

 

Пасля гульні трыбуны бурна дзякавалі гарадзенцаў апладысментамі, не зважаючы на паразу.