Ідэя стварэння QR-кода прыйшла студэнту пасля фільма

|

Яўген Неўгень, студэнт купалаўскага ўніверсітэта, па ініцыятые якого была зроблена QR-метка і QR-сайт універсітэта, пастараўся як мага прасцей растлумачыць гэта.

 

Для чаго прызначаны QR-коды?

 

QR-код падобны на штрых-код. Мабільная прылада счытвае яго і дае інфармацыю пра аб’ект. Зараз у Гродне любы чалавек можа падысці да будынка ўніверсітэта, з дапамогай праграмы на сваім смартфоне счытаць гэты код. Ён дае спасылку на спецыяльны сайт і дазваляе атрымаць асноўную інфармацыю пра ўніверсітэт. Ва ўсім свеце гэта моцны сродак рэкламы. Яго наяўнасць спрыяе фарміраванню іміджа арганізацыі, прадпрыемства, вобласці. Гэта вельмі зручная і неабходная тэхналогія. Зараз можна змясціць QR-метку на будынку рэстарана і даведацца пра наяўнасць у ім свабодных месцаў. Ці, напрыклад, забраніраваць месца ў гатэлі. Пакуль што тэхналогія не вельмі распаўсюджана, але мы працуем над гэтым. У хуткім часе спадзяемся павесіць QR-меткі на іншыя будынкі ўніверсітэта. Верагодна і іншыя прадпремствы горада зацікавяцца праектам.

 

Як з’явілася ідэя праекта?

 

Я проста выкарыстаў тэхналогію, якая існуе з 1994 года. Спецыяльная праграма згенерыравала QR-код, а я потым на падставе гэтага выклаў QR-метку з дапамогай звычайнай пліткі. Ідэя зрабіць метку такім чынам прыйшлада мяне пасля прагляду фільма “Выхад праз сувенірную лаўку”. Там герой таксама выкладваў малюнкі з дапамогай мазаічнай пліткі. Потым таксама з’явілася ідэя распрацаваць QR-сайт універсітэта, які адчыняецца па QR-кодзе. Гэты сайт qr.grsu.by – мой уласны праект.

 

Атрымліваецца, кожны чалавек можа сам зрабіць пэўны QR-код, скарыстаўшы спецыяльныя праграмы?

 

Так. Для гэтага неабходна валодаць пэўнымі праграмамі і ведаць праграмаванне.

 

Як арганізацыі і прадпрыемствы Гродна могуць зрабіць QR-меткі?

 

Калі ў іх няма магчымасці зрабіць іх самім, то яны могуць звярнуцца да мяне ці да маіх калег.

 

– Што патрэбна, каб счытаць QR-код і атрымаць пэўную інфармацыю?

 

Неабходны смартфон з усталяванай на ім праграмай для счытвання кодаў і доступ у Інтэрнэт. Каля QR-меткі ўніверсітэта зараз ёсць кропка доступа Wi-Fi, з яе дапамогай можна перайсці на QR-сайт універсітэта. А праграмы для счытвання вельмі лёгка спампаваць ў Інтэрнэце. Яны адрозніваюцца ў залежнасці ад мадэлі тэлефона. На маім сайце qr.dq.by таксама можна знайсці спіс такіх праграм.

 

Калі ў Гродне зараз ёсць толькі адзін будынак з QR-меткай, то ў Віцебску гэтая тэхналогія ўжываецца вельмі шырока ў сферы турызма. Госці і жыхары горада могуць лёгка знайсці неабходную інфармацыю пра музеі, гатэлі і турыстычныя аб’екты Віцебска. Афішы, плакаты, карты таксама маюць QR-коды.

 

Андрэй Лапін, дырэктар па развіцці гарадскога партала Gorod.Vitebck.by:

 

Зараз у Віцебску 80-120 чалавек на дзень, а гэта значыць, каля 3000 чалавек штомесяц, выкарыстоўваюць QR-коды, каб атрымаць неабходную інфармацыю. Каля 150 арганізацый ужо маюць на сваіх будынках такія коды, якія ахопліваюць не толькі спецыяльныя аб’екты, але і ўсю сацыяльную структуру горада. Канешне, асноўная праблема ў тым, што тэхналогія не так моцна распаўсюджана ў Беларусі. Вельмі часта даводзіцца тлумацыць кіраўнікам арганізацый, навошта яна ім неабходна. Таму мы ладзім розныя акцыі і мерапрыемсты і знаёмім з тэхналогіяй жыхароў горада. Тыя ж, хто ведае, як выкарыстоўваць QR-коды, робяць гэта з задавальненнем.

 

Здымак з perspektiva-info.by