Хакеісты “Нёмана” сустрэнуць Новы год у добрым настроі
Перапоўненыя трыбуны. З сектара заўзятараў на ўвесь Лядовы палац грыміць барабан. Хор пераважна мужчынскіх галасоў скандзіруе назву любімай каманды: “Нё-ман, Нё-ман!”.
Гарадзенскія хакеісты гэтак жа эмацыйна адказваюць на падтрымку трыбун, хутка і жорстка разбіраюцца з супернікамі на лёдзе.
Напружанне крыху спадае толькі ў перапынку паміж перыядамі. У гэты час заўзятары ідуць атакаваць гандлёвыя кропкі палаца. У холе амаль не праціснуцца.
Пачынаецца другі перыяд. Усе зноў на трыбунах.
>
Нехта з гарадзенскіх хакеістаў з грукатам прыпячатаў суперніка да борціка – трыбуны задаволена рычаць.
Пік эмоцый прыпадае на забітыя галы: людзі ўскокваюць са сваіх месцаў, абдымаюцца, пляскаюць у далоні ды трасуць шалікамі з назвай каманды.
На гульні добра адчуваецца хуткі надыход Новага года.
Дзяўчынкі ў святочных строях запальваюць трыбуны сваімі танцамі.
Вакол лядовай пляцоўкі ходзіць мядзьведзь, які таксама паспеў апрануцца да Новага года.
Наверсе па тэлевізарах круцяць навагоднія ролікі.
Свісток арбітра аб сканчэнні матча фіксуе лік сустрэчы – 4:1 на карысць гарадзенцаў!
Заўзятары вітаюць пераможцаў стоячы. Хакеісты таксама дзякуюць трыбунам.
Два гульцы “Нёмана” вяртаюцца на лёд са сваімі дзеткамі на руках.
Сапраўднае спартыўнае свята!
Наступную гульню “Нёман”, які займае пакуль трэцяе месца ў Адкрытым чэмпіянаце Беларусі, згуляе на сваёй пляцоўцы 4 студзеня супраць ліепайскага “Металургса”.
28 снежня. “Нёман” – “Юнацтва”, Мінск 4-1
Фота аўтара