280 тысяч за бутэльку піва

|

Гэты законапраект знаходзіцца цяпер у ніжняй палаце беларускага парламента. Дэпутацкі корпус рыхтуе яго да прыняцця ў першым чытанні на бягучай вясенняй сесіі.

Згодна з папраўкамі артыкул 17.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях будзе прадугледжваць, што курэнне тытунёвых вырабаў у забароненых месцах прывядзе да накладання штрафу да 4 базавых велічынь (базавая велічыня складае Br35 тыс.). У цяпер дзеючым кодэксе памер штрафу за гэта правапарушэнне значна меншы – ад адной дзесятай да пяці дзесятых базавай велічыні.

Новы законапраект таксама прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за распіццё піва і слабаалкагольных напояў у грамадскіх месцах. У прыватнасці, такое правапарушэнне прывядзе да накладання штрафу ў памеры да 8 базавых велічынь. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за аналагічныя парушэнні, прадугледжваюць штраф у памеры ад 2 да 15 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт, паведамляе БЕЛТА

Як паведамілі карэспандэнту “Твайго Стыля” ў абласным упраўленні ўнутраных спраў, на дадзены момант зонай цвярозасці, дзе нельга ўжываць алкагольныя напоі і піва, з’яўляецца парк Жылібера. З праблемай распіцця моладдзю піва ў масавых месцах, як напрыклад плошча Леніна ці пляцоўка пад Драмтэатрам, змагацца пакуль цяжка, бо піва не прызнана ў Беларусі слабаалкагольным напоем і за яго распіццё ў грамадскім месцы прыцягнуць да адказнасці нельга.

Што тычыцца палення, то правапарушэннем будзе з’яўляцца паленне ў забароненых месцах – школах, дзіцячых садках, культурна-масавых установах, спорткомплексах. Паркі, вуліцы, плошчы такімі месцамі пакуль не лічацца. У краінах ЕС, ЗША, Канадзе сітуацыя з паленнем адваротная – паліць там можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах і за паленне ў грамадскіх месцах спаганяюцца вялікія штарфы, якія вагаюцца ад 250 еўра ў Італіі да 1000 фунтаў стэрлінгаў у Англіі, у прысутнасці дзяцей ці цяжарных жанчын памер штрафа падвойваецца.