“Без билета” у Гродне: Афрыка пасярод халадоў

| Без катэгорыі

Сярод 600 наведнікаў канцэрта заўважаліся ў асноўным падлеткі і моладзь. Гарадзенцы цёпла прымалі музыкаў. Большасць ведала словы песняў і ахвотна падпявала.

 


“Мечтатели” у выкананні “Без билета” by twojstyl

 

Калі падчас песні “8 секунд” Віталь Артыст папрасіў дастаць мабільныя тэлефоны і падсвечваць імі замест аганькоў, публіка радасна пагадзілася.

 


“8 секунд” у выканні “Без билета” by twojstyl

 

Саліст Віталь вучыў прысутных тэхніцы “прыхлопвання”, заклікаў танцаваць і скакаць у такт музыцы. Але, паколькі памяшканне было даволі невялікае, рабіць гэта было цяжкавата. Падчас песні “Афрыка” на самой справе было горача, як у сапраўднай Афрыцы.

 

alt=”Image 19201″ >

 

Яшчэ да пачатку канцэра Віталь Артыст пагадзіўся паразмаўляць з журналістамі. Музыка сустрэў нас у незвычайнай смешнай шапцы. Віталь дадаў, што, каб сагрэцца, даводзіцца як мага актыўней танцаваць.

 

Пра што апошні альбом “Звезда”?

 

Наша музыка ствараецца дзеля таго, каб надаваць людзям жыццёвай сілы, уздымаць слухачам настрой. Музыка “Без билета” апераджае час. Гэта міжгалактычная музыка. Мы ўпэўненыя, што дыск “Без билета” будзе першым дыскам, які беларускія касманаўты даставяць на Сатурн. Мы ўжо запісаны на нябачных старонках гісторыі планеты Зямля.

 

Чаму зараз у альбомах няма беларускамоўных тэкстаў?

 

Усё проста. Мы думаем і размаўляем на расійскай мове і не прымушаем сябе размаўляць на беларускай гвалтам. Але я не выключаю з’яўленне беларускіх тэкстаў. У нас нават ёсць ідэя ўключыць адзін з іх у свой новы альбом. Магчыма, мы яе ўвасобім.

 

Вас параўноўваюць з Coldplay, Radiohead. Як вам параўнанне?

 

Нам прыемна, што нас ставяць побач з такім цікавымі выканаўцамі. Мы і самі з задавальненнем іх слухаем.

 

Некаторыя эксперты кажуць, што сярод песень апошняга альбома няма “масавых хітоў”, таму яны непрыбытковыя...

 

Эксперты, на мой погляд, наогул адсутнічаюць у нашай краіне. Таму аб’ектыўнай крытыткі няма. Мы раздражняем усіх тым, што маем нахабства рабіць якасную папулярную музыку – прыгожую, танцавальную, рамантычную. Кожны можа яе зразумець. І у нас поўныя залы людзей. Наша музыка асуджаная на поспех.

 

Арганізатар Ірына Ягоўдзік, намеснік дырэктара па канцэртнай дзейнасці філармоніі, сказала, што ёй спадабалася працаваць з музыкамі:

 

Яны цікавыя і пазітыўныя маладыя людзі. Зала была поўная. А гэта азначае, што такія канцэрты запатрабаваныя. У гэты раз мы змянілі форму правядзення. Месца было няшмат, але атмасфера была вельмі ўтульнай. Я спадзяюся, што мы будзем і далем супрацоўнічаць з гэтым гуртом. Але можа, знойдзем большае памяшканне, бо немагчыма не танцаваць пад такую музыку.

 

Меркаванні ж наведвальнікаў наконт канцэрта адрозніваліся.

 

Алеся: – Канцэрт вельмі спадабаўся – музычны і настальгічны. Хлопцы дагэтуль выступалі на пляцоўках горада падчас святаў, таму вельмі прыемна было пачуць жывы гук і пашыраны рэпертуар.

 

Алёна: – Мае спадзяванні наконт канцэрту не спраўдзіліся. Я была на падобных канцэртах у Мірскім замку. Там гурт “запальваў” мацней, атмасфера была драйвовая. Зараз я чакала большага і лепшага. Таму лічу, што кошт білета – 60 тысяч – быў перабольшаны.

 

Юля: – Дагэтуль я не слухала гэты гурт. Але на канцэрце мне ён вельмі спадабаўся.

 

Даша: – Энэргетыка была вельмі моцнай. Але мне больш падабаюцца канцэрты на адкрытых пляцоўках.

 

“Звезда-тур” музыкаў працягнецца да сакавіка. 11 лютага гурт наведае Віцебск, затым Баранавічы, а далей – у Расію.

 

Здымкі budzma.org з мінскага канцэрта