За падбухторванне да дачы хабару і махлярства асуджаны былы супрацоўнік міліцыі
Ён прыгавораны да двух гадоў шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пазбаўленнем спецыяльнага звання — старшага лейтэнанта міліцыі.
Як паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі, падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі ўпраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці была атрыманая інфармацыя аб тым, што афіцэр міліцыі выкарыстоўвае сваё службовае становішча з карыснымі мэтамі і сваімі дзеяннямі дыскрэдытуе аўтарытэт улады і супрацоўніка ўнутраных спраў сярод грамадзян. Так, старшы лейтэнант міліцыі падбухторваў да дачы хабару грамадзяніна, у дачыненні да якога была распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркатычных сродкаў. У выніку міліцыянер атрымаў ад фігуранта крымінальнай справы 25 тысяч расійскіх рублёў нібыта для перадачы службовым асобам праваахоўных і судовых органаў, якія праводзяць расследаванне і разгляд крымінальнай справы. За названую ўзнагароду ён паабяцаў даваць інфармацыю па крымінальнай справе, а таксама вырашыць пытанне ў судзе па прызначэнні мінімальнага пакарання.
Супрацоўнікі УКДБ правялі комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні службовых асоб, якія магчыма маюць дачыненне да вырашэння супрацьпраўных пытанняў. Аднак высветлілася, што міліцыянер уводзіў у зман затрыманага з мэтай прысваення грашовых сродкаў, выяўленых у наркадылера падчас вобыску.
У лютым 2011 года следчым аддзелам упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі былі распачатыя крымінальныя справы па прыкметах злачынстваў, склад якіх прадугледжаны ч. 1 арт. 209 (махлярства), ч. 5 арт. 16 і ч. 2 арт. 431 (падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры) КК.
Аб перыядзе злачынных дзеянняў супрацоўніка міліцыі, датах яго затрымання і вынясення прыгавору не паведамляецца.
Здымак telegraf.by