У Ашмянах асуджаны малады чалавек, які напаў на сямейную пару

Да трох гадоў зняволення прыгаварыў суд 24-гадовага Аляксандра Г. за асабліва злоснае хуліганства. Вечарам 16 кастрычніка  2011 года на вуліцы Савецкай ён пабіў мужчыну, а потым здзекаваўся з яго жонкі.


Паводле праведзенага расследавання, вечарам 16 кастрычніка Аляксандр адпачываў у райцэнтры ў кафэ “Парадзіз Сіці”, што на вуліцы Савецкай.
Спачатку выпіваў з сябрам, потым, калі сябар пайшоў, абвінавачаны перасеў за столік да мужа з жонкай.
Выпіўшы гарэлкі, Аляксандр прапанаваў мужчыну выйсці пакурыць. Па словах пацярпелага, на вуліцы малады чалавек без якіх-небудзь прычын
прыставіў яму да горла сталовы нож і сказаў, што заб’е.
Пачалася бойка. Мужчыны паваліліся на зямлю. Размахваючы нажом, нападальнік у некалькіх месцах парэзаў пацярпеламу твар, біў па твары
кулаком. Мужчына адбіваўся, як мог, спрабаваў выбіць нож, але гэтага не атрымалася.
Жонка мужчыны занепакоілася, што муж доўга не вяртаецца ў кафэ. Пайшла шукаць яго на вуліцу. Убачыўшы бойку, жанчына стала крычаць, прасіць хулігана спыніцца. Замест гэтага Аляксандр прыставіў нож да горла жанчыны і папярэдзіў: згвалціць яе і заб’е мужа, калі яна не пойдзе з
ім.

Пагражаючы нажом, Аляксандр адвёў сваю ахвяру на стадыён, што побач з кафэ. Па словах пацярпелай, мужчына біў яе далонямі па твары, прыстаўляў нож да горла, патрабаваў уступіць з ім у палавую сувязь. На вуліцы было ўсяго чатыры градусы цяпла. Хуліган здзекаваўся з жанчыны, якая была без верхняй вопраткі, паўтары гадзіны.
Увесь час на мабільны тэлефон зламысніка хтосьці званіў. Як высветлілася пазней, гэта былі работнікі міліцыі, якіх выклікаў у кафэ муж. Аператыўнікі адразу ўстанавілі асобу падазронага, з’ездзілі да яго дамоў і ўзялі ў бацькоў нумар мабільнага тэлефона.
На званкі Аляксандр то груба адказваў, то не знімаў трубку. Усё ж настойлівасць міліцыянераў прынесла плён. Абвінавачаны адпусціў жанчыну і ўцёк.

Пасля затрымання Аляксандр адмаўляў, што пагражаў мужчыну забойствам, а жанчыну збіраўся згвалтаваць.
Не прызнаў ён сваю віну ў асабліва злосным хуліганстве і ў судзе. Аляксандр не адмаўляў тое, што пабіўся з пацярпелым. А яго жонку быццам бы проста завёў на стадыён, каб угаварыць не званіць у міліцыю.
Тым не менш, па меркаванні суда, віна Аляксандра пацвярджаецца паказаннямі сведкаў – двух міліцыянераў, якія званілі на тэлефон абвінавачанага, а таксама работнікаў кафэ.
Пры вынясенні прыгавору суд улічыў той факт, што Аляксандр раней некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у злачынстве, якое здзейсніў у стане алкагольнага ап’янення, не раскаяўся, на псіхічныя захворванні не пакутуе.
Паводле прысуду, тры гады зняволення Аляксандр павінен правесці ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Прыгавор уступіў у законную сілу.

Здымак з сайта http://barnaul.sibnovosti.ru