Улады і валанцёры «змагаліся» са смеццем
Моладзь, аб’яднаная ў ініцыятыве «Чысты лес – чысты розум» добраахвотна здзяйсняе уборку смецця на тэрыторыях лясных масіваў. Утварылася ініцыятыва ў межах суполкі «Зялёны Гродна», сацыяльнай сеткі «Укантакце», і з мая па кастрычнік 2011 года здзейсніла каля 17 уборак. Каардынатарка валанцёраў Юлія Каляда, паведаміла ў часе сустрэчы з чыноўнікамі, што першапачаткова ўборка леса планавалася як аднаразовая акцыя ў падтрымку сусветнай акцыі «500 уборак у адзін дзень».
– Але потым моладзь ужо не змагла спыніцца і пажадала працягваць дабраахвотную ўборку ў лясах, – падкрэсліла Каляда.
Менавіта добраахвотнасць – галоўны прынцып дзейнасці «Чыстага лесу – чыстага розуму», бо існуюць яшчэ дзве валанцёрскія групы, створаныя па ініцыятыве абласнога камітэту прыродных рэсурсаў, якія вылучаюцца, хутчэй, дабраахвотна-прымусовым прынцыпам. Звесткі пра дзейнасць «Чыстага лесу…» выклікалі шчырае здзіўленне ў прысутных на круглым стале чыноўнікаў. Ад імя гараджан улады выказалі ініцыятыве словы падзякі і паабяцалі ўсяляк дамагаць і падтрымліваць валанцёраў.
Адной з формаў заахвочвання грамадскасці да ўдзелу ў добраўпарадкаванні тэрыторый, а таксама спосабам экалагічнага выхавання насельніцтва прызнана была дапамога рэлігійных інстытуцыяў.
Менавіта таму ўдзельнікі круглага стала ўхвалілі супрацоўніцтва па экалагічных пытаннях з Гродзенскай Праваслаўнай Епархіяй Асноўнай жа мэтай сустрэчы было абмеркаванне плана мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў Гродзенскай вобласці на 2012 год.
У межах выканання плана будзе арганізаваная ўборка лясных масіваў. Усе яны знаходзяцца на балансе лясгасаў, а таму іншыя структуры і ведамствы не маюць правоў і магчымасцяў праводзіць там ліквідацыю несанкцыянаваных сметнікаў. Тым часам у самой лясной гаспадарцы значна нестае для гэтага магчымасцяў: па нарматыўных дакументах, адзін ляснік адказвае за плошчу ажно ў 700 гектараў.
>
Як высветлілася ў часе дыскусіі значна церпіць лясны масіў, што прылягае да гарадскога клінічнага шпіталя №4. У вясенне-летні перыяд лес каля шпіталя моцна забруджваецца як жыхарамі бліжэйшага мікрараёна, так і пацыентамі. Нажаль, дадзенай зоне не прысвоены статус лесапаркавай, таму яна не знаходзіцца ані на балансе лясгаса, ані на балансе гораду. Як вынік – ніхто не можа вырашыць пытанне адказнасці за ўборку гэтай тэрыторыі і ўсталяванне на ёй сметнікавых кантэйнераў.
Што тычыцца іншага праблемнага месца адпачынку гарадзенцаў – Румлёўскага парку, то ён знаходзіцца на гарадскім балансе. Але наяўнасць у парку глыбокіх яроў вельмі ўскладняе захады па ліквідацыі смецця. Па словах прадстаўніка Кастрычніцкага раёна г. Гродна, Румлёўскі парк хутка падзеляць на сектары, за якімі будуць замацаваны пэўныя прадпрыемствы горада: «Гроднапрамбуд», «Шклозавод», «Белкард», «БМТ № 30». Яны і павінны будуць ажыццяўляць там уборку смецця.
На прыкладзе вёскі Пагараны-Кашэўнікі была абмеркаваная праблема адсутнасці сметнікавых кантэйнераў на выяздзе з мікрараёнаў. Зараз іх жыхары вывозяць смецце і выкідваюць яго проста ў лес.
Падымалася пытанне і па ажыццяўленню кантролю за адпачынкам грамадзян. Якім чынам даказаць на судзе віну таго ці іншага чалавека ў засмечванні тэррыторыі? Яшчэ два гады таму гэтым займаўся створаны па рашэнню аблвыканкама аддзел экалагічнай міліцыі на базе УУС. Цяпер жа ў вобласці працуе 171 грамадскі інспектар па ахове прыроды. У абавязкі інспектараў уваходзіць толькі інфармаванне камітэту аб наяўнасці, ці адсутнасці сметнікаў. Ды і працуюць інспектары пакуль што толькі на грамадскіх пачатках.
І хаця, па словах кіраўніка Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзя Казака, у 2011 годзе было складзена у 2,5 разоў больш пратаколаў, а сума штрафных санкцый вырасла ў 2,7 разоў у параўнанні з папярэднім годам, удзельнікі круглага стала пагадзіліся з тым, што лясныя масівы «застаюцца нашым болем, а людзі паводзяць сябе ў адносінах да прыроды як варвары».
Больш фота – http://vk.com/event25584935
Усе прызналі вострую неабходнасць ў выпрацоўцы і прыняцці плану сумесных з грамадскасцю і скаардынаваных захадаў для вырашэння экалагічных праблемаў. Гучалі прапановы стварэння структуры, што займлася б заахвочваннем гараджан аб’ядноўвацца і здзяйсняць уборку, не чакаючы суботнікаў; заахвочвала да інфармавання пра недобрасумленных у адносінах да прыроды людзей у кампетэнтныя ворганы; спрыяла наданню лясам статуса паркаў; праз сродкі масавай інфармацыі праводзіла эклагічную адукацыю насельніцтва; усталявала інфармацыйныя шчыты «Смецце жыве доўга» па прыкладу таго, як гэта робіць «Гроднааўтадор».
Акрамя валанцёраў і кіраўніцтва Гродзенскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя у паседжанні круглага стала ўдзельнічалі прадстаўнікі Адміністрацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў г. Гродна, Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню, РУП «Гроднааўтадор», КУП «Гроднааблдарстрой», Гродзенскага лясгаса, Упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама, а таксама тэматычны каардынатар створанага нядаўна на базе камітэту прыродных рэсурсаў Орхускага цэнтра.