Вучымся пакідаць «экалагічныя сляды» на планеце

|

Акцыя заклікае ўсіх – людзей, арганізацыі, прыватныя установы – сімвалічна выключыць святло альбо іншыя не жыццёва неабходныя электрапрыборы на адну гадзіну. Гэта мерапрыемства з’яўляецца сімвалам беражлівых адносін да прыроды і скіравана да прыцягнення ўвагі грамадства да праблемы змянення клімату на планеце, абмежаванасці прыродных рэсурсаў. Яно заснавана Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF) і праводзіцца ўжо шосты раз. Беларусь далучылася да акцыі ў 2009 годзе.

 

Такім чынам ініцыятары акцыі спрабуюць звярнуць увагу жыхароў нашай планеты на тое, што эканомія электраэнергіі дапамагае скараціцць шкодныя выкіды ў атмасферу Зямлі цеплавымі электрастанцыямі. Удзел у акцыі – гэта таксама магчымасць для кожнага выказаць сваю занепакоенасць станам навакольнага асяроддзя і зрабіць свой унёсак ў яго паляпшэнне. Менавіта выпрацоўка энергіі – асноўная прычына выкідаў ў атмасферу парніковых газаў, якія прыводзяць да глабальнага пацяплення, і, як следства, змянення клімату і прыродных катаклізмаў.

 

Правядзенне акцыі ў Беларусі, пры падтрымцы Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, каардынуе экалагічнае таварыства «Зялёная сетка». У Гродне да інфармавання пра сэнс акцыі ўжо далучаюцца СМІ, навучальныя ўстановы, установы культуры і прадпрыемствы. Ва ўніверсітэтах, абласным Палацы моладзевай творчасці, у каледжы мастацтваў, заалагічным парку ў межах акцыі пройдуць асветніцкія мерапрыемствы для дзяцей і моладзі па тэме энергазберажэння.

 

Падтрымалі акцыю і рэлігійныя інстытуцыі: у Бернардынскім, Брыгіцкім і Францысканскім касцёлах святары пад час імшы і моладзевых сутрэч нагадаюць вернікам пра Запавет Божы ў адносінах да прыроды. Актыўны ўдзел у распаўсюдзе інфармацыі пра акцыю прымаюць валанцёры «Экастудыі» ГА «Цэнтр Трэці сектар». Акрамя распаўсюду ўлёткаў, яны распрацавалі матэрыялы аб наступствах змены клімата і магчымых варыянтах энегразберажэння, якія можа выкарыстаць у штодзённым побыце.

 

Прэзентацыя матэрыялаў адбудзецца на адмысловых семінарах па тэматыцы энергазберажэння. У дзень акцыі выправяцца на катанні гарадзенскія роллеры і аматары веласпорту, а вегетарыянцы нашага горада зладзяць вячэру пры запаленых свечках. Арганізатары запрашаюць усіх беларусаў сустрэць бліжэйшы суботні вечар у коле блізкіх альбо з цікавай кампаніяй на адкрытым паветры – без выкарыстання электрычнага асвятлення. Падрабязней пра акцыю можна азнаёміцца тут .

У мінулым годзе «Гадзіну Зямлі» падтрымалі больш за сорак тысяч гарадоў у 131 краіне свету. На гадзіну асвятленне адключылі на Эйфелевай вежы, Тауэрскім мосце, шэрагу помнікаў архітэктуры у Маскве і многіх іншых сусветна вядомых архітэктурных аб’ектах. З 2009 года ў іх ліку апынуўся і будынак Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску. Па прыблізным падлікам, у мінулым годзе акцыю толькі ў Беларусі падтрымалі каля 25 тысяч чалавек.

 

Выключэнне святла на адну гадзіну ў адной кватэры дазваляе зэканоміць прыблізна 500 Ват электраэнергіі. Гэта значыць, што ў атмасферу не пападзе каля 200 грамаў вуглякіслага газу. Эколагі заклікаюць змяняць штодзённыя звычкі такім чынам, каб як мага больш эканомна спажываць электраэнергію і цяпло, памяншая тым самым свой асабісты, індывідуальны «экалагічны след» на планеце.