Гродна далучыўся да ратавання экалагічнай будучыні Зямлі

|

Такім чынам да акцыі, якая заклікае да барацьбы з глабальным змяненнем клімату і штогод праходзіць ва ўсім свеце, далучылася гарадзенскае прадпрыемства ГУКВП «Гарсвет». «Гадзіну Зямлі» наш горад падтрымаў ужо чацвёрты год запар і сёлета да яе далучыліся не толькі жыхары і дзяржаўныя ўстановы, але таксама рэлігійныя інстытуцыі і прыватныя прадпрыемствы. Арганізуе «Гадзіну Зямлі» ў нашай краіне экалагічнае таварыства «Зялёная сетка» пры падтрымцы Дэпартамента па энергаэфектыўнасці.

 

Дзякуючы намаганням Гродзенскага абласного камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама валанцёраў «Экастудыі» грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар», напярэдадні акцыі ў Гродна была праведзена шырокая інфармацыйна-асветніцкая кампанія пра сэнс і значэнне «Гадзіны Зямлі».

align=”” >

 

 

Акрамя навучальных устаноў – універсітэтаў, школ, каледжаў – мерапрыемствы па тэме энегразберажэння правялі з нагоды сусветнай экалагічнай акцыі Гродзенскі заалагічны парк, прадпрыемствы ААТ «БелТАПАЗ», ААТ «Белкард», а таксама ААТ «Гроднажылстой».

 

Цікаўныя наведвальнікі заапарку.

Кіраўнік гуртка «Экалогія» абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі Ганна Лушчык распавядае пра сусветную акцыю на паседжанні аддзела экалогіі і інтэлектуальнага развіцця, і для юрыдычнага клуба «Давер».


 

Пра Запавет Божы ў адносінах да прыроды падчас імшы і моладзевых сустрэч нагадвалі прыхаджанам святары у Бернардынскім, Брыгіцкім і Францысканскім касцёлах:

 

– У Бібліі сказана, што Бог даў чалавеку ў карыстанне прыроду і наказаў яму быць там гаспадаром. А гэта значыць, што па-гаспадарску – беражліва, рупліва, разумна, з аглядкай на будучыню – трэба карыстацца прыроднымі багаццямі і адносіцца да жывых істот так, як вы карыстаецеся любой маёмасцю, што належыць асабіста вам, – такія словы пачулі вернікі.

Удзельнікі моладзевых сустрэч, прымеркаваных да –«Гадзіны Зямлі» у Брыгіцкім і Бернардынскім касцёлах.


Са шчырым энтузіязмам адгукнуліся на прапанову падтрымаць ідэі энергазберажэння, рацыянальнага прыродакарыстання і ўстойлівага развіцця, а таксама прыватныя прадпрыемствы, сярод якіх – прыватнае прадпрыемства «Salbi».

 

Кафэ «Кальянная №4» зладзіла сваім наведвальнікам рамантычную вячэру пры запаленых свечках. – Нашыя госці засталіся вельмі задаволены гадзінай рамантычнай атмасферы і жывога гуку. У адной з заляў да нас нават звярнуліся з просьбай не ўключаць святло і пасля акцыі – распавёўі прадстаўнік адміністрацыі кафэ.

 

 

Неабыякавыя да сусветных экалагічных праблемаў аказаліся і звычайныя жыхары нашага горада. Гарадзенец Андрэй Голец правёў прыватную акцыю разам з сям’ёй у сваёй кватэры і падзяліўся з намі расповедам пра яе.

 

– Мы адключылі святло, запалілі свечкі. Крыху пабегалі з імі адзін за адным па кватэры, а потым – малявалі фігуры полымем і прыдумлялі да іх розныя небывалыя гісторыі. Што і казаць – гэты вечар стаў непадобны да тых, да якіх мы прызвычаіліся! Прайшоў ён запамінальна і спадабаўся ўсёй сям’і, а асабліва – маёй маленькай дачушцы Дзіяне. Я ўвогуле і не заўважыў, як праляцела гэтая гадзіна. Таму дзякуем арганізатарам за ідэю і прапанову паўдзельнічаць!

 

У гэтым годзе у Беларусі да «Гадзіны Зямлі»далучыліся 10 гарадоў. Увогуле ж сёлета быў пабіты рэкорд па колькасці краін-удзельніц: святло адключылі ў больш чым пяці тысячах (на тысячу больш, чым летась) гарадоў у 147 краінах (137 – год таму). Акцыя «Гадзіна Зямлі» заснавана у 2007 годзе Сусветным фондам дзікай прыроды (WWF). Мерапрыемства сімвалізуе беражлівыя адносіны да прыроды і скіраванае на прыцягненне ўвагі грамадства да праблемы змянення клімату на планеце, абмежаванасці прыродных рэсурсаў.

 

Больш інфармацыі пра «Гадзіну Зямлі» глядзіце тут 

Фота аўтара