Былы дырэктар “Гроднатэкстылю” цалкам апраўданы. Прадпрыемства ліквідуюць

|

Расследаванне справы пачалося ўвосень 2009 года. Дырэктара падазравалі ў нанясенні дзяржаве шкоды ў памеры 500 тысяч долараў.

Стала вядома, што з 2007 года кіраўнік здаваў у арэнду памяшканні завода “Гроднатэкстыль”, каб вывесці прадпрыемства з банкруцтва.

 

Праверка, праведзеная праз год, высветліла, што больш за 100 збудаваннняў, якія належылі “Гроднатэкстылю”, на балансе прадпрыемства не значыліся. Магчыма, гэта і стала падставай для разбіральніцтваў.

 

На першым судовым разбіральніцтве ў сакавіку 2011 года амаль усе абвінавачванні з былога дырэктара прадпрыемства знялі, абвінаваціўшы толькі ў халатнасці.

Юрыст Гродзенскага абласнога Саюза наймальнікаў, які прадстаўляў інтарэсы кіраўніка, настойваў на тым, што ягоны падабаронны стаў ахвярай махляроў: перадаў прадукцыю на 700 тысяч рублёў фірме з Пецярбургу, а ўзамен атрымаў фальшывую плацёжку.

 

Суд прыгаварыў былога дырэктара да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову і забараніў займацца прафесійнай дзейнасцю цягам 5 гадоў.

 

Пасля задавальнення касацыйнай скаргі, усе абвінавачванні з яго знятыя.

 

Прадпрыемства “Гроднатэкстыль” з-за эканамічных праблем знаходзіцца ў стане ліквідацыі.

293 працаўнікоў прадпрыемства даручана працаўладкаваць гродзенскаму ААТ “Гронітэкс”.

 

“Гроднатэкстыль” безпаспяхова  спрабавалі выратаваць цягам 10 гадоў. Прадпыемства было абцяжаранае вялікімі пазыкамі, абсталяванне зношана на 95%. Да апошняга часу тут працавалі нават на абсталяванні, атрыманым пасля апошняй вайны з Германіі.

 

Паводле http://www.ej.by

Здымак з сайта http://www.tekstil.grodno.by