Зорнае неба і пчолы становяцца бліжэй да гарадзенцаў
Я даведаўся пра гэту падзею праз Інтэрнет і вырашыў не праходзіць міма. Справа ў тым, што я займаюся краязнаўствам ужо больш за чвэрць стагоддзя, і падумаў, што было б цікава атрымаць інфармацыю з першых рук.
У фае гарвыканкама пільны міліцыянт пацікавіўся мэтай майго візіту. «Хачу прыняць удзел у мерапрыемстве наконт музеяў». Міліцыянт вельмі здзівіўся: «Вас хто-небудзь туды запрашаў?». – «Не, я з уласнае ініцыятывы». Як пісалі ў старых раманах, у паветры павісла самотная паўза. Нарэшце, міліцыянт вырашыў мяне ўсё ж прапусціць, але ўслед сказаў: «Вы папытайцеся там, ці можна вам». Я паабяцаў, што папытаюся.
Арганізатар нарады намеснік старшыні гарвыканкама Ірына Пятроўна Сенчанкава вырашыла праблему адразу і станоўча. Можна дадаць, што на сустрэчы ў гарвыканкаме прысутнічаў і прадстаўнік зацікаўленай грамадскасці – аўтар гэтых радкоў. Магчыма, такім чынам пакладзены пачатак новай гарадзенскай традыцыі.
У зале паседжанняў пачалася зацікаўленая гаворка спачатку наконт аднаўлення ў Гродне абсерваторыі. У нашым горадзе жыве пэўная (і не вельмі малая) колькасць людзей, захопленых астраноміяй, увогуле Гродна мае даўнія традыцыі назірання за зорным небам. У параўнальна нядаўнім мінулым абсерваторыя існавала ў башні будынка, які зараз належыць аграрнаму ўніверсітету, таму ідэя вярнуць абсерваторыю у былыя сцены з’явілася не на пустым месцы.
На карце Гродна можа ўзнікнуць вельмі цікавая кропка, аднак да гэтага яшчэ вельмі далёка: усё ўпіраецца ў грошы, якіх у гарадскім бюджэце няма. Аднак, калі удасца знайсці багатага спонсара, альбо трапіць з гэтай ідэяй у які-небудзь міжнародны праект, то… Карацей кажучы, пажывем – пабачым.
Музей пчалярства на вул. Валковіча
А вось другі музей, пра які гаварылася ў часе нарады, ужо рэальна існуе пад дахам корпуса ветэрынарнай медыцыны аграрнага ўніверсітэту. Гэта – музей цэнтра навуковага пчалярства, менавіта так ён называецца. Акрамя ўласна экспазіцыі, ён мае дадатковую пляцоўку ва ўнутраным дворыку, дзе ў сезон месцяцца вуллі з пчоламі і адкуль за жыццём пчолаў можна назіраць пры дапамозе веб-камеры. Музей ужо мае сваіх наведвальнікаў і нават гасцей з іншых гарадоў, аднак і сёння ў яго есць нявырашаныя праблемы, юрыдычныя і практычныя.
Дзякуючы нарадзе ў гарвыканкаме, адно пытанне было вырашана: частка тратуарнай пліткі, што зараз здымаецца з плошчы каля чыгуначнага вакзала, пойдзе на стварэнне сцежак у музейным дворыку. Так што, зорнае неба і пчолы становяцца для нас крыху бліжэй.
Фота аўтара; на застаўцы – башня былой абсерваторыі