Гарадзенцы скарысталіся збоем у сістэме МТС і збіраюцца судзіцца з кампаніяй

|

У сярэдзіне сакавіка абаненты МТС цягам некалькіх дзён маглі браць крэдыты без ліміту на аплату тэлефонных размоваў (абяцаны плацёж), а сістэма аўтаматычна спісвала даўгі.

 

За адзін раз можна было “прасіць” не больш за 10 тысяч рублёў, аднак некаторыя “кемлівыя” грамадзяне паспелі ўвесці да сотні абяцаных плацяжоў.

 

Калі сістэму наладзілі, усе налічэнні і спісанні былі прыведзены ў адпаведнасць з рэальнымі паступленнямі грашовых сродкаў на рахункі, а каля 100 гарадзенцаў апынуліся ў даўжніках. Іх канкрэтную колькасць і сумы запазычанасці прэс-служба “МТС” назваць адмовілася.

 

 

МТС патрабуе вярнуць грошы, але грамадзяне не спяшаюцца і збіраюцца падаваць на МТС у суд за маральныя страты.

 

 

16-гадовы сын гарадзенца Андрэя Ямеліна набраў абяцаных плацяжоў на 700 тысяч рублёў:

“Добра, што частку сумы сын перакінуў на электронны кашалёк, гэтыя грошы захаваліся. А вось каля 400 тысяч рублёў ён адразу ж выкарыстаў на гульні, мелодыі і забаўляльныя SMS-кі”.

Мужчына лічыць, што яго сына ўвялі ў зман тым, што не папярэдзілі пра збой.

І збіраецца падаваць зыск у суд на МТС з патрабаваннем кампенсавацьмаральныя страты. Праўда, абяцанне аб аплаце запазычанасці цягам 6 месяцаў ён падпісаў, бо інакш, як яму патлумачылі, набяжыць вялікая пеня.

 

 

Паводле юрыста Гродзенскага таварыства абароны правоў спажыўцоў Жаны Гасцяевай, у беларускім заканадаўстве адсутнічае панятак “недобрасумленны пакупнік” і адказнасць за “нячэснае” карыстанне паслугамі.

А значыць, абаненты ні ў чым не вінаватыя.

 Затое, кажа юрыст, “у правілах МТС гаворыцца, што абяцаны плацёж уводзіцца на суму не больш за 10 тысяч рублёў пры адмоўным балансе ў 5 тысяч рублёў, а ў людзей падчас збою налічваліся пазыкі ў сотні тысяч рублёў”.

Цяпер абаненты могуць патрабаваць кампенсацыю маральных страт.

 

 

Супрацоўнікі МТС па Гродзенскай вобласці маюць сваё меркаванне: “Калі ў краме не працавала б устройства ад недобрасумленных пакупнікоў, якое счытвае штрых-код, і людзі пачалі выносіць тавары, не разлічыўшыся, гэта лічылася б крадзяжом. Падобнае адбылося і ў нас, таму людзі павінны вярнуць грошы.

 

 

Паводле http://www.region.ej.by

Здымак з сайта http://ntrtv.ru