Гарадзенцы ўбачаць “Жаночы кантэкст” мастака Грыневіча

|

Першы “Жаночы кантэкст” гарадзенцы не бачылі, таму ў Гродне прадставяць частку прац з мінулагодняй выставы ў галерэі “Ў”:

 

Канцэптуальна выстава “Жаночы кантэкст 2” не адрозніваецца ад першай, але пышырыцца і абновіцца яе склад, – распавёў аўтар выставы, мастак Сяргей Грыневіч. – Будзе прадстаўлена 11 карцін з мінулагодняй выставы і дадасца 14 новых работ. Аб’ект усіх прац будзе адзін. Які – патлумачыць канкрэтна цяжка, гэта трэба ўбачыць.

 

Гэтак апісваецца змест выставы ў анонсе Гродзенскай выставачнай залі па Ажэшка: “Выстава – спроба стварыць суб’ектыўны візуальны погляд на ўнутраны свет жанчыны. Сучасны свет поўны гаджэтаў, прыладаў і праграм , створаных для спрашчэння камунікацыі паміж людзьмі. Але гэта спрашчэнне вядзе да тыпізацыі і асераднёнасці зносін. Сёння вельмі складана знайсці сябе, спыніцца і паглядзець углыб, зняць з сябе павярхоўную мішуру і агаліць свае думкі і жаданні.

 

Мы складаем меркаванне не толькі аб навакольных людзях, але і аб сабе па фатаграфіях. Мы робім сотні здымкаў замест таго каб проста спыніцца і атрымаць асалоду ад назірання. Мы развучыліся карыстацца ўласнай памяццю, цяпер гэтую ролю выконвае фотаальбом.

 

Такія, на першы погляд, маргінальныя паняцці, як другаснасць, імітацыя, бутафорыя , становяцца галоўнымі чыннікамі культурнага працэсу. Тыражыраванне візуальных вобразаў замінае нам ў адэкватным успрыняцці свету. Візуалізацыя нашых пачуццяў прыводзіць да яшчэ горшага – да поўнай іх прафанацыі”.

 

Увосень выставу “Жаночы кантэкст 2” пакажуць у Літве.

 

Гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч не абмежаваны толькі жывапісам і працуе ў галіне манументальнага мастацтва, вітражу, роспісу. Яго працы выстаўляліся за мяжой і захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

 

Здымак з kimpress.by