Чорна-белае Палессе на фотавыставе ў Гродне

|

Выставу ў Гродна прывёз Мацей Турчыняк, супрацоўнік Фонда археалогіі фатаграфіі з Варшавы.

 

Мы пачалі займацца фатаграфічным архівам Зоф’і Хаментоўскай ад самага пачатку існавання Фонда, – распавёў на адкрыцці выставы сп. Мацей. – Адна з нашых супрацоўніц у 2010 годзе паехала ў падарожжа ў Аргентыну, адкуль прывезла мноства негатываў Зоф’і Хаментоўскай, ідэальна каталагізаваных. Пэўная колькасць тых негатываў адлюстроўвала Палессе. Здымкі на гэтай выставе паказваюць Хаментоўскую як фатографа трохі рэпарцёра, трохі фатографа штодзённага жыцця сваіх суродзічаў, калі яна спрабавала злапаць нейкія моманты. Відаць, што яна мела лёгкасць у навязванні кантактаў з тымі, каго фатаграфавала. Гэтыя здымкі лёгкія, ніхто спецыяльна не пазіруе. Яны вельмі натуральныя.

 

У мінулым годзе выставу паказалі ў Мінску і Пінску. Зараз чорна-белае Палессе міжваенных часоў убачыў Гродна.

 

 

На думку Марыны Селіцкай, загадчыцы аддзела гісторыі Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Гродна, выстава для гарадзенцаў вельмі цікавая:

 

Здымкі пагружаюць у атмасферу тых часоў. Нягледзячы на тое, што на здымках адлюстраваны не наш рэгіён, а Палессе, радзіма Зоф’і, дзе яна правяла большую частку свайго жыцця, гэтыя здымкі прывабліваюць сваім мастацкім вырашэннем, сваёй вельмі простай тэхнікай фатографа-аматара. Шкада, што Зоф’я была ў нашым горадзе ўсяго некалькі разоў, бо мы б мелі больш яе здымкаў нашага горада. Але тры здымкі Гродна на нашай выставе ёсць, яны лёгка пазнаюцца па архітэктуры.

 

 

Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей мае сваю багатую калекцыю старых здымкаў. Колькі гадоў таму ў супрацоўнікаў музея з’явілася ідэя стварыць фатаграфічны філіял, які пакажа ўсе скарбы музея – здымкі канца 19 ст., міжваеннага часу. Таксама ёсць ідэя зрабіць выставу падобнага кшталту, як выстава здымкаў Палесся Зоф’і Хаментоўкай, на якой была б адлюстраваная Гародня на старых фота.

 

Выстава фотаздымкаў Зоф’і Хаментоўкай будзе працаваць у Гродне да 23 мая.