Запланаваны на сёння Фэст экскурсаводаў у Гродне перанесены на няпэўны час
Каардынатарка фэсту Тацяна Касатая вымушана была ў апошнія гадзіны папярэджваць патэнцыйных удзельнікаў фэста, што дзеля іх жа бяспекі мерапрыемства перанесена.
– Беларускі камітэт міжнароднай рады па помніках і мясцінах па ўсёй Беларусі арганізоўвае фэст экскурсаводаў ужо трэці раз запар. Экскурсіі праводзяцца ва ўсіх беларускіх гарадах.
Толькі ў Гродне былі атрыманы папярэджанні, каб фэст не адбыўся.
Ён пераносіцца на нявызначаны тэрмін. Усе экскурсіі будзем праводзіць увечары, у зручны для людзей час.
Канешне, усё гэта будзе ўзгоднена з гарадскімі ўладамі.
Фармальна, экскурсаводы ніякіх афіцыйных папярэджанняў не атрымалі.
Міліцыянты іх проста прыстрашылі.
Да якой ступені абсурдныя паводзіны ўладаў могуць дайсці – ня ведае цяпер ніхто.
Здзіўляе, што такія рэспубліканскія фэсты ўзгоднены арганізатарам – Беларускім камітэтам міжнароднай рады па помніках і мясцінах – з Міністэрствам культуры Беларусі.
Мясцовай жа вертыкалі патрэбны асаблівы дазвол.