Моладзевы фестываль аб’яднаў вулічных мастакоў Гродна
У афішы фэст быў заяўлены як «міні», але гэта не стала перашкодай для наведвання яго дзецьмі і нават дарослымі. Акрамя гарадзенскіх выступоўцаў праграму фэсту падтрымалі госці з Ліды, Баранавічаў і Мінску.
На цэлы вечар пляцоўка «Палаца творчасці дзяцей і моладзі» стала сапраўднай прасторай для самавыяўлення і дэманстрацыі талентаў.
Не паспеў фэст скончыцца, як удзельнікі і гледачы пачалі выказваць жаданне, каб такое мерапрыемства ладзілася штогод.
Пра вулічнае мастацтва ў Гродне і ідэю мерапрыемства «Твайму Стылю» распавяла арганізатарка міні-фестывалю вулічнага мастацтва і кіраўнічка тэатра агню Ergo Bibamus Анастасія Роўба.
– На якіх «вуліцах» Гродна можна звычайна ўбачыць вулічных мастакоў?
– Гродна – гэта дзіўнае месца. На мой погляд, гэта адзін з першых беларускіх гарадоў, у якім з’яўляюцца нейкія новыя плыні сярод моладзевай культуры.
Тут шмат талентаў у розных напрамках мастацтва, у тым ліку і вулічнага: fiery show, Street Dance, музыка, паркур, free running, мімы, skateboarding, жанглёры, графіці, show soap bubbles, sand animation, акцёрскае фехтаванне.
Такія фэсты патрэбны, каб вулічныя гурткі маглі заявіць аб сваім існаванні, гэта аб’ядноўвае пазітыўную моладзь і дае, у нейкай ступені, адэкватную ацэнку іх дзейнасці.
– Які сэнс ты ўкладала ў назву фестываля, і ці была яна апраўдана?
– Такой назвай хацелася звярнуць увагу менавіта на самастойныя моладзевыя гурткі, якія дэманструюць гораду і яго гасцям, што Гродна не спіць, што яго вуліцы багатыя на таленты. Большасць удзельнікаў фестывалю сабраліся праз знаёмых, праз сацыяльныя сеткі, некаторыя праявілі ініцыятыву да ўдзелу самі.
Я спадзяюся, што многія з гледачоў захацелі далучыцца да якой-небудзь плыні альбо сабраць сваю групу – і гэта малы пачатак вялікага руху вулічнага мастацтва ў нашым горадзе.
На жаль, мастацтва не ўсіх талентаў удалося прадэманстраваць. Напрыклад, добрыя нашыя сябры, з якімі мы некалі марылі пра такі фэст, фольк-гурт Irdorath, з’ехаў на выступ у Польшчу, у іншых проста не атрымалася з-за працы або іншых спраў.
– Насця, я ведаю, што гэта першае мерапрыемства такога маштабу, якое ты ладзіла. Ці не было страшна, што нешта не атрымаецца, можа, што людзі не прыйдуць?
– У тым, што людзі прыйдуць, сумнення не было: у Гродне няшмат такіх мерапрыемстваў, і пасля доўгай зімы ўсе ўжо засумавалі па адпаведных мерапрыемствах.
Канешне, я вельмі хвалявалася, бо усё ладзілася без рэпетыцый, а некаторых удзельнікаў фэсту я бачыла ўпершыню.
У той жа час кіраўніцтва Палаца дазволіла праводзіць фестываль толькі да 22:00, і я вельмі баялася, што могуць здарыцца нейкія накладкі, і ўсё зацягнецца па часе, і ад апошніх выступоўцаў прыйдзецца адмовіцца. Але ўсё атрымалася вельмі добра, пра гэта кажуць самі ўдзельнікі фэсту і гледачы. Мы зладзілі фестываль без спонсарства, за грошы ўдзельнікаў тэатра агню Ergo Bibamus.
Хочацца таксама выказаць падзяку дырэктару Л.А Валенцюкевічу за дазвол на правядзенне фестывалю на тэрыторыі Палаца творчасці, Залескай Таццяне Іванаўне за яе падтрымку і дапамогу, а таксама нашаму канферансье Калачу Васілю. Праз год мы зноў правядзем такі фестываль. Пакуль дакладна не вядома, на якой пляцоўцы, але думкі на гэты конт ужо ёсць (смяецца)!
Фота: Віктара Саваневіча (на застаўцы), С.Марозава. Відэа – аўтара.