Як шукалі бацьку Зянона Пазняка
Хвалявалася. Думала. Успамінала. Сціскала сумачку, у якой ляжаў невялічкі стос папераў. Сярод іх – самае каштоўнае, яго франтавыя лісты. Сведчанне таго, што іх сумеснае жыццё раптам аказалася разарваным. Муж жанчыны чатыры гады назад пайшоў змагацца, як ён сам напісаў у пісьме «з ненавісным швабам», і дамоў ужо не вярнуўся.
Знік бясследна, як тысячы іншых беларусаў. Без аніякай вестачкі, што і як з ім адбылося. Яна чакала. Міналі дні, якія складаліся ў тыдні і месяцы, месяцы – у гады. Даўно скончылася вайна. Вярнуліся ўсе, хто застаўся жывы. У яе падрастаў сын, трэба было нешта рабіць. І па добрай савецкай традыцыі ёй самой трэба было распачынаць пошук, самой напачатку даказваць, што яе муж сапраўды пайшоў у войска і бясследна знік менавіта там.
Вось чаму яна захапіла з сабой яго франтавыя лісты са зваротным адрасам палявой пошты. Ну, а самым першым крокам у такой нялегкай справе станавілася, безумоўна, заява.
І яна напісала: «Прашу вас адшукаць і паведаміць мне пра лёс майго мужа Пазняка Станіслава Іванавіча, 1922 года нараджэння, які пражываў у мястэчку Суботнікі Іўеўскага раена… Прашу разгледзець маю заяву і задаволіць маю просьбу. 20. 9. 48 года».
Да заявы ў абавязковым парадку дабаўлялася даведка з сельсавета. Там быў вельмі істотны радок, што Пазняк Ганна Яўхімаўна працуе ў шпіталі медрэгістратарам і з сельскай гаспадаркай не звязаная. Значыць, магла разлічваць на нейкую пенсію. Далей справа раскручвалася так. У архівах Іўеўскага ваенкамата знайшліся дадзеныя, што Пазняк Станіслаў Іванавіч сапраўды быў прызваны ў армію 26 кастрычніка 1944 г.
Ад гэтай кропкі адліку пошук рухаўся далей. Супрацоўнікі ваенкамата запоўнілі на салдата адпаведную анкету – гэта была стандартная працэдура на той час. І вось ужо добрая скрыня розных дакументаў ляціць у Маскву, у так званы ГУК (галоўнае ўпраўленне кадраў) Міністэрства абароны СССР. Там у першую чаргу аналізаваліся спісы загінуўшых. Такога прозвішча там няма. Ідзе запыт у Таварыства Чырвонага Крыжа, дзе сабраны найбольш поўныя звесткі пра ваеннапалонных. Адтуль таксама прыходзіць адмоўны адказ.
Да справы ў абавязковым парадку падключаецца ўсемагутнае МДБ. Па сваёй лініі супрацоўнікі дзяржбяспекі шукаюць кампрамат. Яны маглі працаваць і месяц, і паўгода, час для гэтай службы, вядома, не абмяжоўваўся. Пасля збору з усіх гэтых ведамстваў неабходных звестак, Міністэрства абароны адпраўляла адказ у той ваенкамат, што ініцыяваў пошук. Адказ часцей за ўсё быў такі: загінуў альбо прапаў без вестак. Другі варыянт азначаў, што салдат не вярнуўся ў свае падраздзяленне пасля бою. Карацей кажучы, хутчэй за ўсё загінуў, але сведак таму не было. І першая, і другая фармулёўкі служылі падставай для выплаты пенсіі сваякам воіна.
У выпадку Станіслава Пазняка адказ быў такі: прапаў без вестак. У кнізе «Памяць» Іўеўскага раёна Станіслаў Пазняк пазначаны сярод іншых ураджэнцаў вёскі Суботнікі, як прапаўшы без вестак. Дзякуючы таму, што яго жонка ў 1948 г. звярнулася ў ваенкамат, захаваліся тры салдацкія лісты дадому.
Сёння яны і іншыя дакументы, звязаныя з гэтым пошукам, ляжаць у адной з папачак Цэнтральнага архіву Міністэрства абароны Расіі ў падмаскоўным горадзе Падольску (нумар фонду 58, нумар вопісу 977521, нумар справы 767).
Немагчыма чытаць без хвалявання радкі, напісаныя Станіславам Пазняком бацькам і жонцы, столькі ў іх замілавання, пяшчоты, надзеі на шчаслівае пасляваеннае жыцце.
Добра, што не гараць не толькі рукапісы, але і архіўныя матэрыялы…
Хачу выказаць падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы дадзенага матэрыялу кандыдату філалагічных навук, дацэнту Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Янку Трацяку.
Фота на застаўцы odsgomel.org