Па 7 гадзін вернікі стаялі ў чарзе пакланіцца святым мошчам

Чаргу займалі задоўга да таго часу, калі каўчэг прывезлі ў Гродна – 11 мая ў 16 гадзін. Бліжэй да вечара чарга да Свята-Пакроўскага сабора расцягнулася да аўтавакзала. Людзі ішлі праз усю ноч, часам адстойваючы ў чарзе па 7 гадзін, каб на хвіліну прыкласціся да рэліквіяў. Вернікі прыязджалі цэлымі аўтобусамі з усёй Гродзенскай вобласці, а таксама з Брэста, Ружан, Пружан.

 

Такая колькасць вернікаў, ахвотных прыкласціся да мошчаў, назіралася ў Гродне заўсёды – такія святыні ў нас бываюць вельмі рэдка, – распавёў протаіерэй Аляксандр Велісейчык. – Наколькі я памятаю, за апошнія гадоў 13 гэта другі ці трэці раз, калі мошчы святых прывозяць у Гродна, каб вернікі маглі прыйсці і прыкласціся.

 

 

Каўчэг з часціцай Гасподняга Крыжа і мошчамі св. Марыі Магдаліны і мучаніцы Варвары прывезлі ў Беларусь з гары Афон. Каўчэг выстаўляўся ў храмах Мінска, Бабруйска, Віцебска, Магілёва і Гродна. Святыню ўвесь час суправаджалі 7 манахаў-афонцаў. Кожны, хто пакланяўся мошчам, атрымліваў невялікі абразок-напамін – па раздадзенай колькасці такіх абразкоў гродзенскія святары і змаглі падлічыць прыкладную колькасць вернікаў, якія прыехалі пакланіцца святыням.

 

 

Прывезеныя ў Беларусь святыні паходзяць з манастыра Сімонапятра, аднаго з 20 манастыроў Афона, падае сайт church.by. Ініцыявала прынясенне каўчэга ў Беларусь брацтва ў гонар Свяціцеля Мікалая пры Свята-Марыі-Магдалінінскай царкве Мінска.

 

 

У каўчэгу знаходзіцца часцінка таго самага Крыжа, на якім быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Таксама ў ім знаходзіцца часціца левай рукі св. Марыі Магдаліны, вучаніцы Хрыста, якая прысутнічала ў момант Яго смерці і сама першай ўбачыла Яго Ўваскрасенне. Частка яе рукі застаецца нятленнай дагэтуль ужо дзве тысячы год і нават захоўвае цеплыню чалавечага цела. Да яе прыходзяць маліцца аб ацаленні ад панавання злымі духамі і ад хваробаў, а таксама аб умацаванні веры. Святая мучаніца Варвара нарадзілася ў пачатку IV ст. у сям’і багатых язычнікаў. За хрысціянскую веру і хрышчэнне бацька ўласнаручна адсёк ёй галаву. Праваслаўныя лічаць яе заступніцай ад раптоўнай смерці і аздараўляльніцай.

 

Нагадаем, 2 гады таму ў Гродна прывозіліся мошчы св. Матроны.

 

Здымкі Алісы Чэкатоўскай і сайта Гродзенскай праваслаўнай епархіі orthos.org