У Гародні грамадскія актывісты судзяцца з гарвыканкамам
Гарвыканкам за подпісам намесніцы старшыні Ірыны Сенчанковай адмовіў заяўнікам у правядзенні мітынгу 25 сакавіка.
У сваёй адмове гарвыканкам спасылаўся на тое, што заяўнікі нібыта парушылі частку 4 артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Заява, якая была паслана заказным лістом яшчэ 7 сакавіка, зарэгістраваная ў гарвыканкаме была чамусьці толькі 12-га сакавіка.
Юрысты гарвыканкаму спасылаюцца на тое, што быў шэраг выходных, і кепска працавала пошта.
Грамадскія ж актывісты мяркуюць, што чыноўнікі наўмысна зацягнулі рэгістрацыю заказнога ліста.
Больш таго, гэта гарвыканкам парушыў частку першую артыкулу 6 згаданага Закону.
Афіцыйны адказ датуецца 19 сакавіка, а высланы ён быў толькі 20-га, пра што сведчыць штамп на паштовым канверце. А між тым закон абавязвае выканаўчы орган у пісьмовай форме прадставіць заяўнікам афіцыйнае рашэнне за 5 дзён да планаванага мерапрыемства.
Грамадскія актывісты просяць таксама прызнаць неканстытуцыйным рашэнне Гарадзенскага гарвыканкаму ад 19 кастрычніка 2011 году, якое вызначае месцы правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе.
На думку заяўнікаў, яно мае выразна дыскрымінацыйны характар і наўпрост супярэчыць і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.